Знакаміты айчынны спартсмен Уладзімір Самсонаў стаў пераможцам міжнароднага турніру па настольным тэнісе з серыі Сусветны тур Belarus Open 2014 (адкрытага чэмпіянату Беларусі) у адзіночным разрадзе.
Дабраўшыся па турнірнай сетцы да паўфінальнага паядынку Уладзімір Самсонаў (першы нумар пасеву) атрымаў у сапернікі на гэтай стадыі расіяніна Васіля Лакеева. Пры поўных трыбунах Палаца тэніса Самсонаў прайграў першы сэт (9-11), але далей беларус прыбавіў у атацы і ўпэўнена выйграў наступныя чатыры партыі (11-4,11-1,11-4,11-8). Падагульняючую перамогу ў матчы ён атрымаў з лікам 4:1.
Сапернікам Самсонава ў фінале стаў прадстаўнік Польшчы Зенгі Ванг, які ў паўфінале адолеў тэнісіста з Рэспублікі Карэя Сангсу Лі (4:3). У ходзе фінальнага матчу перавага Уладзіміра Самсонава над Зенгі Вангам была бясспрэчнай. Яна вылілася ў перамогу з агульным лікам 4:1 (11-6, 11-4, 8-11, 11-3, 11-6). Да поспеху на адкрытым чэмпіянаце Беларусі Уладзімір Самсонаў некалькі гадоў не выйграваў турніры з серыі Сусветны тур.
У жаночым адзіночным разрадзе ў паўфінальную стадыю прабіліся толькі прадстаўніцы Японіі. У першым матчы Місакі Марызона перайграла Юку Ішыгакі 4:1 (10-12, 11-7, 11-2, 11-7, 11-7). Другі паўфінал аказаўся больш напружаным. Другая сеяная на турніры Саяка Хірана гуляла супраць маладой 21-гадовай Сакуры Моры. Кожная са спартсменак перыядычна захоплівала лідарства ў матчы, але ў канцы больш вопытная 29-гадовая Хірана змагла атрымаць перамогу з агульным лікам 4:3 (11-9, 8-11, 9-11, 11-9, 11-8, 9-11, 12-10). У фінальным паядынку паміж Саякай Хірана і Місакі Марызона поспех спадарожнічаў першай, хоць і для вызначэння пераможцы спатрэбілася максімальная колькасць сэтаў. Хірана выйграла з агульным лікам 4:3 (11-5, 11-6, 11-9, 10-12, 5-11, 6-11, 11-9).
Адкрыты чэмпіянат Беларусі па настольным тэнісе праводзіцца з 2008 года. Прызавы фонд турніру бягучага года склаў $30 тыс. У ім паўдзельнічалі больш за паўтары сотні спартсменаў з 18 краін свету.
25 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА