"Праведзеная працэдура апазнання. Апазнаваў вадзіцель, які іх раней вёз, бо астатняя група ўжо паехала", — сказаў ён.
Паводле слоў Гардзейчыка, 23 ліпеня пачнецца транспарціроўка цел на радзіму. Прэс-сакратар удакладніў, што ў аднаго з загінулых, Сяргея Франкоўскага, была расійская страхоўка, якая пакрывае ў тым ліку расходы на транспарціроўку цела. "Яго з Петрапаўлаўска даставяць адразу ў Горкі, — сказаў Гардзейчык. — Цела другога загінулага спачатку даставяць у Маскву, дзе затым будуць вырашацца пытанні па яго дастаўцы ў Мінск".
Нагадаем, група з васьмі беларускіх турыстаў — пяцёра мужчын і тры жанчыны — адпачывала ў раёне Ключэўскай групы вулканаў, не зарэгістраваўшыся ў мясцовым аддзяленні МНС. Раніцай 9 ліпеня Франкоўскі і Крупадзёраў адправіліся на ўзыходжанне на вулкан Камень, але ў прызначаны час — вечарам таго ж дня — у лагер не вярнуліся. Астатнія шэсць чалавек спрабавалі арганізаваць самастойны пошук, але ён быў беспаспяховым, і 11 ліпеня яны звярнуліся па дапамогу ў МНС.
14 ліпеня ратавальнікі знайшлі целы зніклых турыстаў на ўсходнім схіле вулкана. Паводле звестак Следчага камітэта РФ па Камчацкім краі, загінулыя былі звязаныя паміж сабой альпінісцкім рыштункам. Згодна з папярэдняй версіяй, адзін з іх, сарваўшыся з ледніка, пацягнуў за сабой напарніка.
Як паведамляе сайт magadan.by, які раней займаўся арганізацый экстрэмальнага турызму, адкрыты дабрачынны рахунак на арганізацыю пахаванняў, збудаванне помнікаў і падтрымку блізкіх Франкоўскага і Крупадзёрава. Сайт спыніў працу па арганізацыі турыстычных груп, а будзе толькі паведамляць апошнія навіны пра загінулых.
Улады Камчацкага краю акажуць усю неабходную дапамогу ў падрыхтоўцы і дастаўцы ў Маскву цел беларускіх турыстаў, заявіў намеснік старшыні ўрада Камчацкага краю Валерый Карпенка. "У раён НЗ былі накіраваныя ўсе неабходныя сілы і сродкі МНС і ПРА для пошуку і эвакуацыі цел. Для гэтага была прыцягнутая адна з найлепшых ратавальных груп", — сказаў Карпенка.
Адразу пасля трагедыі да губернатара Камчацкага краю Уладзіміра Ілюхіна звярнуўся кіраўнік аддзялення пасольства Беларусі ў Хабараўску Уладзімір Максімаў. Падчас тэлефоннай гутаркі ён папрасіў кіраўніка рэгіёну ўзяць пад асабісты кантроль расследаванне гібелі беларускіх турыстаў.
"Губернатар паставіў задачу падрыхтаваць целы да транспарціроўкі і даставіць іх у Маскву. Для гэтага будзе праведзена ўся неабходная праца, — запэўніў Валерый Карпенка. — Пасля дастаўкі цел у Петрапаўлаўск-Камчацкі, паводле міжнароднай канвенцыі, будзе праведзена анатамаванне для высвятлення ўсіх прычын гібелі".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 22 ліпеня 2014