Карціна "Легенда нумар 17" аб савецкім хакеісце Валерыю Харламаве ўдастоена кінапрэміі "Залаты арол" як лепшы расійскі фільм 2013 года.
Акрамя перамогі ў галоўнай намінацыі, стужка Мікалая Лебедзева атрымала яшчэ некалькі прызоў: за лепшы сцэнарый адзначаны Мікалай Кулікоў і Міхаіл Мясцецкі, а акцёры Ніна Усатава і Уладзімір Мяньшоў удастоены "Залатых арлоў" за лепшыя жаночую і мужчынскую ролі другога плана, якія яны выканалі ў "Легендзе нумар 17". Акрамя таго, кампазітар Эдуард Арцем`еў, які напісаў саўндтрэк да гэтай карціны, перамог у намінацыі "Лепшая музыка да фільма".
Другі па значнасці прыз - за лепшую рэжысуру - атрымаў Аляксандр Велядзінскі, які зняў фільм "Географ глобус прапіў". Гэта ж карціна прынесла перамогу і выканаўцам галоўных роляў. У намінацыі "Лепшая жаночая роля" ўзнагароду атрымала Алена Лядава, лепшым выканаўцам мужчынскай ролі прызнаны Канстанцін Хабенскі.
У намінацыі "Лепшы тэлевізійны фільм або серыял" (да 10 серый) перамог "Масгаз", у катэгорыі "Лепшы тэлесерыял" (больш як 10 серый) "Залатым арлом" адзначаны фільм "Жыццё і лёс". У намінацыі "Лепшая актрыса на тэлебачанні" прэміі ўдастоена Паліна Агурэева (серыял "Жыццё і лёс"). А сярод мужчын лепшым прызнаны Сяргей Макавецкі, які здымаўся ў гэтым жа фільме.
Самай паспяховай у расійскім пракаце замежнай стужкай стала галівудская "Гравітацыя", намініраваная на "Оскар".
30 студзеня 2014, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА