Як паведамляе прэс-служба ўрада, план уключае больш за 50 пунктаў. Частка з іх датычыцца арганізацыі і правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. У прыватнасці прадугледжваецца забеспячэнне працы без выхадных гандлёвых аб`ектаў і аб`ектаў агульнага харчавання, музеяў і іншых устаноў культуры падчас чэмпіянату, а таксама павелічэнне працягласці іх працы; пашырэнне сеткі аб`ектаў грамадскага харчавання, якія спецыялізуюцца на беларускай кухні, забеспячэнне наяўнасці ў іх меню на замежных мовах; правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, у тым ліку арганізацыя працы фан-зон і зон гасціннасці.
Плануецца пашырыць сетку кемпінгаў і стаянак для караванераў, сетку гандлёвых аб`ектаў, якія працуюць па сістэме Tax Free, і сетку аб`ектаў туріндустрыі, у тым ліку хостэлаў, баз адпачынку, створаных на базе будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца. Музеі краіны плануецца абсталяваць аўдыягідамі.
На працягу года пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку будуць арганізаваны турыстычныя маршруты адпаведнай тэматыкі. У ліпені плануецца адкрыць новы будынак і экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
На гэты год прадугледжана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў: ХХIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", свята "Купалле", рэспубліканскага фестывалю-кірмашу работнікаў вёскі "Дажынкi-2014", ХХI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", Дня беларускай пісьменнасці, Беларускага міжнароднага медыяфоруму, акцыі "Дзень адкрытых дзвярэй у беларускіх сядзібах", еўрапейскага чэмпіянату па ручным сенакосе нізінных балот. Працягнецца кампанія "Простыя рэчы" па развіцці аграэкатурызму.
У 2014 годзе нацыянальны стэнд Беларусі будзе прадстаўлены на міжнародных турыстычных выставах Adventur (Вільнюс), EMITT (Стамбул), IMTM (Тэль-Авіў), ITB (Берлін), Intourmarket (Масква) World Travel Market (Лондан), Tour & Travel (Варшава).
План прадугледжвае пашырыць сферу прымянення добраахвотнай сертыфікацыі прадукцыі, работ, паслуг і сістэм кіравання для павышэння іх канкурэнтаздольнасці ў турыстычнай галіне.
Акрамя таго, запланаваны мерапрыемствы ў межах абвешчанага ў краінах СНД Года турызму і азнаямленчыя туры для прадстаўнікоў замежных СМІ і прафесіяналаў турбізнесу.
Адказным за каардынацыю працы па выкананні рэспубліканскага плана вызначана Міністэрства спорту і турызму. Фінансаванне мерапрыемстваў плана будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на 2014 год, уласных сродкаў арганізацый і іншых крыніц, паведамляе прэс-служба ўрада.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 31 студзеня 2014