Арганізатарамі акцыі выступілі ДТСААФ Беларусі і Расіі, а таксама Таварыства садзеяння абароне Украіны. Аўтапрабег праводзіцца па ініцыятыве Саюза ДТСААФ СНД у адпаведнасці з планам работы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2013 год. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ДТСААФ, сёлета мерапрыемства прысвечана 70-годдзю Сталінградскай бітвы і 100-годдзю з дня нараджэння першага тройчы Героя СССР маршала авіяцыі Аляксандра Пакрышкына. "Аўтапрабег праводзіцца з мэтай умацавання дружбы паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны, патрыятычнага выхавання грамадзян, папулярызацыі і развіцця аўтамабільнага спорту", — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Восем членаў экіпажа ДТСААФ Беларусі на чатырох аўтамабілях накіруюцца з Брэста ў вёску Рэчкі (Магілёўская вобласць) праз Баранавічы, Мінск і Магілёў. За Рэчкамі яны перасякуць мяжу з Расіяй, дзе праедуць праз Смаленск, Маскву і Валгаград. На сваім шляху экіпаж возьме ўдзел ва ўрачыстых мітынгах, ускладанні вянкоў да помнікаў савецкім воінам, сустрэчах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных сіл і ДТСААФ, воінамі-інтэрнацыяналістамі, моладдзю, прадстаўнікамі СМІ, выступленнях музычных калектываў ДТСААФ.
Урачысты мітынг з удзелам старшыні ДТСААФ Беларусі Івана Дырмана, супрацоўнікаў таварыства і моладзі адбудзецца 16 красавіка ў 9.00 каля стэлы "Мінск — горад-герой". Пасля мітынгу ўдзельнікі аўтапрабегу ўскладуць вянкі і кветкі да стэлы, сустрэнуцца з прадстаўнікамі прэсы.
Збор усіх удзельнікаў аўтапрабегу і мітынг з удзелам прадстаўнікоў абаронных таварыстваў Расіі, Беларусі і Украіны адбудзецца 20 красавіка на Васільеўскім спуску Чырвонай плошчы ў Маскве. Урачыстыя мерапрыемствы таксама пройдуць 26 красавіка ў Валгаградзе.
Аўтапрабег завершыць калона аўтамабіляў з экіпажамі расійскага ДТСААФ, якая накіруецца па гарадах-героях і гарадах вайсковай славы Расіі да Уладзівастока.
Акцыя будзе доўжыцца да 8 мая.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2013