Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады, а таксама дзяржпраграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады будзе прыярытэтам для Міністэрства культуры ў 2013 годзе.
Выступаючы на падагульняючай калегіі ведамства, Барыс Святлоў адзначыў, што неабходна распрацаваць і зацвердзіць графік выканання работ на аб`ектах дзяржпраграмы "Замкі Беларусі", забяспечыць выкананне рэстаўрацыйных работ у Будслаўскім касцёле, распрацаваць канцэпцыю праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйнай культуры ў Мсціслаўскай і Навагрудскай рэкрэацыйнай зонах.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Замкі Беларусі" ў 2012 годзе праводзіліся работы на 19 аб`ектах. З іх на 17 аб`ектах - за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, на двух аб`ектах - за кошт пазабюджэтных крыніц. З рэспубліканскага бюджэту было выдзелена Br2,7 млрд. на фінансаванне рэстаўрацыі замкаў у Навагрудку, Лідзе, вёсцы Крэва Смаргонскага раёна, вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна.
Мэтай дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады з`яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб`ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму. "Замкі Беларусі" прадугледжваюць рэалізацыю шэрага мерапрыемстваў па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей, асаблівасцей знешняга выгляду аб`ектаў (сілуэты замкаў, прыроднае асяроддзе, ландшафт).
12 лютага 2013, Мінск
БЕЛТА