Беларускую каманду ў спаборніцтвах прадставілі бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў – 2020 Аліна Гарнасько і медалістка чэмпіянатаў свету Анастасія Салас, у юніёрскім турніры выступіла тытулаваная Ніколь Лявута. У пятніцу ў Токіа адбылася кваліфікацыя ў мнагабор’і, Гарнасько і Лявута прайшлі далей з лепшымі вынікамі ў сваіх узроставых катэгорыях, фіналісткай стала і Салас.
Свае праграмы ў рамках фіналу грацыі прадставілі 28 і 29 верасня. Пасля практыкаванняў з абручом і мячом Гарнасько ішла на першым месцы, але кампазіцыі са стужкай і булавамі злёгку змянілі абстаноўку. У агульнай складанасці Аліна набрала 137,200 бала і заваявала срэбра, а перамогу на турніры атрымала Італьянка Сафія Рафаэлі (138,650).
Без медаля клубнага чэмпіянату свету не засталася і Ніколь Лявута: у спаборніцтвах юніёрак беларуска за чатыры практыкаванні набрала 115,200 бала і паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала. Усяго на міжнародным турніры ў сталіцы Японіі выступілі прадстаўніцы 15 краін.
Звязда, 29 верасня 2024