7 жніўня ў Ньірэдзьхазе ў матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў барысаўчане выйгралі ў венгерскага "Дэбрэцэна" з лікам 2:0. Першы мяч на 25-й хвіліне забіў Дзмітрый Мазалеўскі пасля пасу Віталя Радзівонава, другі — на 59-й хвіліне Аляксандр Валадзько пасля пасу Аляксандра Глеба. З 57-й хвіліны гаспадары гулялі ў меншасці пасля выдалення абаронцы Балажа Нікалава.
Першая сустрэча сапернікаў 1 жніўня ў Барысаве завяршылася ўнічыю 1:1.
Склад БАТЭ: Гарбуноў, Валадзько (Рудзік, 84), Мазалеўскі, Радзькоў, Глеб, Бардачоў, Радзівонаў (Паўлаў, 64), Сіміч, Аляхновіч, Бага (Юрэвіч, 46), Палякоў. У запасе: Гутар, Канцавы, Брэсан, Васілюк. Папярэджанні атрымалі Сіміч (60) і Радзькоў (82).
Статыстыка матчу (падлік БелаПАН): удары па варотах — 11:9 на карысць БАТЭ (першы тайм — 6:3), з іх у створ варот — 4:2 (2:0), вуглавыя ўдары — 7:5 (4:0), штрафныя ўдары — 18:13 (11:6), афсайды — 7:1 (1:0), укідванні з аўту — 20:27 (14:12).
Наступнага саперніка БАТЭ вызначыць лёсаванне 10 жніўня. У выпадку перамогі ў плей-оф каманда, як і год таму, выступіць у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў, у выпадку паражэння — у групавым турніры Лігі Еўропы.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 8 жніўня 2012