https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія ўлады шукаюць інвестараў для стварэння прыдарожнага сэрвісу на трасе ў абход Белавежскай пушчы


Пра гэта паведаміў Аляксандру Лукашэнку губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар 27 ліпеня падчас наведвання кіраўніком дзяржавы Камянецкага раёна, перадае прэс-служба прэзідэнта.
Вядзецца праца па прыцягненні інвестараў да стварэння ўздоўж трасы ў абход тэрыторыі нацыянальнага парку "Белавежская пушча" аб`ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама турыстычнай інфраструктуры.

Лукашэнку праінфармавалі аб выкананні дадзенага ім у 2009 годзе даручэння па будаўніцтве гэтай аўтадарогі. Яе працягласць складае 200 км. Абход пачынаецца ў вёсцы Пясчатка Брэсцкай вобласці і заканчваецца каля горада Свіслач у Гродзенскай вобласці. Пры будаўніцтве трасы максімальна выкарыстоўвалася існая аўтадарожная сетка (116 км мясцовых і рэспубліканскіх дарог). На працягу 82 км дарога створана па новым напрамку. Траса перасякае 12 населеных пунктаў, абыходзячы 41. Улічваючы размяшчэнне гэтай аўтадарогі, пры яе будаўніцтве асаблівая ўвага была нададзена пытанням экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пабудаваны падземныя пераходы для дзікіх жывёл.

Як адзначыў Лукашэнка, гэта пілотны праект. "Нам трэба ў кожнай вобласці мець такі вузел. Вось прыехаў чалавек, праехаў па коле, дзе захацеў — спыніўся, падыхаў чыстым паветрам. Але ўжо ёсць вузел вакол Белавежскай пушчы. У Віцебскай вобласці шмат такіх турыстычных месцаў. Трэба замыкаць іх у кола і так пачынаць працаваць. Тое ж самае ў іншых абласцях. У Мінскай вобласці два-тры такіх вузлы павінна быць, не лічачы Мінска. Вось калі мы такія "кулакі" створым, тады ў перспектыве і грошы добрыя зможам узяць. Трэба стварыць сем магутных турыстычных "кулакоў" у Беларусі, а не проста размаўляць", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што аб`язная дарога вакол Белавежскай пушчы ў перспектыве будзе вельмі запатрабавана. "Сёння галоўны дэфіцыт у свеце — пітная вада і паветра. З цягам часу, а гэта ўжо цяпер адчуваецца, разумныя людзі, якія хочуць даўжэй жыць, будуць прыязджаць сюды не толькі для таго, каб чыстай пітной вады папіць, але і каб падыхаць свежым паветрам. Рана ці позна пушча будзе запатрабавана вельмі моцна, але мы да гэтага гатовы не будзем. Таму гэтая дарога — гэта дарога жыцця, калі хочаце, гэта будучыня. Таму тут мы павінны стварыць зону адпачынку. І гэта грошы. І наогул, дарога ніколі нікому яшчэ лішняй не была", — сказаў Лукашэнка.

Як паведаміў Сумар, у сумежных з аб`язной дарогай населеных пунктах беларускімі грамадзянамі ўжо актыўна скупляюцца пустыя дамы. Паводле яго слоў, аўтадарога дала новае жыццё бліжэйшым да яе вёскам. Лукашэнка лічыць, што такім чынам можна захаваць неперспектыўныя вёскі, праклаўшы да іх дарогі ад аб`язной.

Што да прыдарожнай інфраструктуры, то, на яго думку, большую ўвагу неабходна надаць развіццю сэрвісных аб`ектаў у райцэнтрах або аграгарадках. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі буйныя населеныя пункты раздзяляе невялікая адлегласць, а таму любы падарожнік можа, заехаўшы ў іх, атрымаць вялікі комплекс паслуг.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 27 ліпеня 2012
 
Дата публикации:27.07.2012
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:2327
 
Ключевые слова:
Инвестиции Придорожный бизнес Беловежская пуща
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме