Сёння ў заключным паядынку папярэдняй групы D беларускія падапечныя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада ва ўпартай барацьбе перайгралі каманду Швейцарыі з лікам 9:6. Па ходзе гэтай сустрэчы беларусы некалькі разоў саступалі сапернікам з розніцай у тры мячы, але ў выніку здолелі вырваць перамогу. У першым туры беларусы разграмілі турак — 10:2, а затым таксама ўпэўнена перамаглі датчан — 8:2. У іншым сённяшнім матчы гэтага квартэта зборная Даніі адолела каманду Турцыі з лікам 7:4 і разам з беларусамі выйшла ў плэй-оф. Выніковае становішча: Беларусь — 9 балаў, Данія — 6, Турцыя — 3, Швейцарыя — 0.
У барацьбе за пуцёўку ў фінальную частку сусветнага першынства зборная Беларусі будзе супернічаць з камандай Францыі, якая ў сваім апошнім паядынку групы С выйграла ў немцаў з мінімальнай перавагай у ліку — 3:2. Датчане згуляюць з лепшай камандай гэтага квартэта — Партугаліяй. Сёння партугальцы завершаць першы раўнд гульнёй з аўтсайдарам турніру камандай Грэцыі. Турнірнае становішча: Партугалія — 6 балаў (2 матчы), Францыя — 6 (3), Германія — 3 (3), Грэцыя — 0 (2).
Становішча спраў у астатніх квартэтах:
А — Італія — 6 (2), Малдова — 6 (3), Эстонія — 3 (3), Азербайджан — 0 (2).
В — Украіна — 8 (3), Іспанія — 3 (2), Польшча — 3 (2), Літва — 0 (3).
У плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з чатырох груп. Па выніках Еўрапейскага адборачнага раўнда пуцёўкі ў фінальную стадыю планетарнага форуму заваююць 4 каманды.
Фінал 12-га ЧС па пляжным футболе пройдзе з 15 па 25 лютага 2024 года ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Зборная Беларусі двойчы гуляла ў фінальных турнірах чэмпіянату свету — у 2019 і 2021 гадах.
Звязда, 7 ліпеня 2023