Як паведамляе газета Frankfurter Allgemeine Zeitung, дэпутаты бундэстага ад фракцыі Свабоднай дэмакратычнай партыі (уваходзіць у кіруючую кааліцыю разам з хрысціянскімі дэмакратамі) Біджан Джыр-Сарай і Патрык Курт атрымалі адказ ад Фазеля, у якім гаворыцца, што "дыскрымінацыя члена федэрацыі, клуба ці асобы па палітычных, расавых або рэлігійных падставах забаронена". Кіраўнік ІІХФ спаслаўся пры гэтым на "фундаментальныя прынцыпы" Міжнароднага алімпійскага камітэта і звярнуў увагу парламентарыяў на палітычны нейтралітэт віду спорту.
Паводле інфармацыі газеты, дэпутаты ў сваім лісце папярэдзілі Фазеля пра небяспеку выкарыстання чэмпіянату свету "брутальным беларускім дыктатарам Лукашэнкам" і "падрабязна апісалі яго дэспатыю ў краіне".
У адказ на шматлікія заклікі міжнародных арганізацый і палітыкаў перанесці ЧС-2014 у сувязі з наяўнасцю ў Беларусі палітзняволеных Фазель неаднаразова заяўляў, што першынство пройдзе ў Мінску. "Мы знаходзімся ўбаку ад палітычных дыскусій", — сказаў, у прыватнасці, прэзідэнт ІІХФ у студзені гэтага года.
Аднак не выключана, што на майскім кангрэсе ІІХФ у Фінляндыі пытанне пра ЧС-2014 будзе разгледжана.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 28 красавіка 2012