Як паведамляе "Радыё Свабода", сенатар ад штата Ілінойс раскрытыкаваў Міжнародную федэрацыю хакея і спонсараў маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі. Ён таксама паведаміў, што звярнуўся ў карпарацыю Skoda, а таксама кампаніі Volkswagen, Nike і Reebok з заклікам спыніць фінансаванне правядзення ў Мінску сусветнага першынства. "Ці можна праводзіць такое відовішчнае мерапрыемства, як чэмпіянат свету, калі людзі, якія балатуюцца ў прэзідэнты, сядзяць у турмах і іх катуюць?" — цікавіцца Дурбін.
Сенатар параўнаў Беларусь з Лівіяй, Егіптам, Тунісам, Еменам і Сірыяй, а таксама пералічыў імёны некаторых беларускіх палітзняволеных — Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца.
Варта адзначыць, што з ініцыятывай "адхіліць Беларусь ад правядзення чэмпіянату (ЧС па хакеі — БелаПАН.), "калі Лукашэнка не вызваліць усіх палітзняволеных у краіне", Рычард Дурбін выступіў яшчэ ў красавіку 2011 года.
Каментуючы прапанову сенатара, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі Уладзімір Несцяровіч заявіў: "Нягледзячы ні на якія заявы, ініцыятывы, што датычацца пераносу чэмпіянату свету-2014, Міністэрства спорту і турызму, Федэрацыя хакея Беларусі і ўсе, хто мае дачыненне да чэмпіянату свету ў Мінску, планамерна вядуць запланаваную працу, каб правесці першынство на самым высокім узроўні. Ідзе будаўніцтва арэн, гасцініц. Старанна прадумваюцца пытанні па размяшчэнні, харчаванні, экскурсійным і медыцынскім абслугоўванні. На ход работ усе гэтыя паведамленні, якія з`яўляюцца ў прэсе, ніякім чынам не ўплываюць".
Паводле меркавання Несцяровіча, калі чэмпіянат усё ж будзе адменены па палітычных меркаваннях, гэта будзе беспрэцэдэнтны выпадак. "Аб тым, што спорт павінен быць па-за палітыкай, гаварылася неаднаразова і на ўсіх узроўнях. Мы, безумоўна, падзяляем гэту пазіцыю.
Палітыка і спорт не павінны змешвацца, трэба аддзяляць адно ад другога", — заключыў прэс-сакратар.
Цяпер Беларусь атрымала права на правядзенне наступных міжнародных топ-турніраў:
- чэмпіянат свету па велатрэку 2013 года;
- чэмпіянат свету па хакеі 2014 года;
- маладзёжны чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ 2016 года;
- фінальная частка чэмпіянату Еўропы сярод дзяўчат (да 17 гадоў) па футболе 2016 года.
Як паведаміў Несцяровіч, нацыянальная федэрацыя бокса таксама планавала падаваць заяўку на правядзенне ў Беларусі чэмпіянату Еўропы 2013 года. Акрамя гэтага ў Мінску праходзіць штогадовы хакейны Калядны турнір на прыз прэзідэнта, які многія называюць неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматараў.
Нагадаем, 29 сакавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў нацыянальныя федэрацыі хакея краін — членаў ЕС і ўсіх дэмакратычных дзяржаў звярнуцца ў Міжнародную федэрацыю хакея (IIHF) з прапановай яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі ў іншую краіну датуль, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітзняволеныя і ўлады не пачнуць паважаць правы чалавека.
Віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумала (Фінляндыя) надоечы прызнаўся ў адной з тэлепраграм фінскага тэлебачання, што любыя рашэнні ў дачыненні да чэмпіянату свету ў Мінску ён прымае з цяжкасцю. "Сэрца гаворыць адно, галава — другое", — сказаў ён, падкрэсліўшы, што чэмпіянат свету "аддалі не Лукашэнку, а паспяховай хакейнай зборнай Беларусі".
Кумала таксама паведаміў, што кіраўніцтва Беларусі ў свой час абяцала спыніць пераслед апазіцыі. Аднак сітуацыя да лепшага не змянілася, канстатаваў віцэ-прэзідэнт IIHF.
Заявы пра неабходнасць пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі сталі з`яўляцца пасля жорсткага разгону 19 снежня 2010 года ў Мінску апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.
Пытанне пра магчымы перанос чэмпіянату свету 2014 года з Беларусі ў іншую краіну можа быць разгледжанае на кангрэсе IIHF у маі гэтага года.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 30 сакавіка 2012