Як паведаміў дырэктар ФК "Гомель" Яўген Пабалавец, заяўка аб пераносе матча разгледжана Беларускай федэрацыяй футбола. Камітэтам па спартыўных збудаваннях і забеспячэнні бяспекі на футбольных арэнах прынята рашэнне, што стадыён "Юнацтва" ў Мазыры адпавядае патрабаванням да інфраструктуры стадыёнаў і на ім можна правесці матч сярод каманд вышэйшай лігі.
"Апярэджваючы пытанні балельшчыкаў, зазначу, што стадыён "Гомсельмаш" не прайшоў праверку Камітэта па спартыўных збудаваннях і забеспячэнні бяспекі. Па гэтай прычыне там забаронена праводзіць матчы з удзелам каманд вышэйшай лігі. Па тых жа прычынах забаронена праводзіць гульні і на стадыёне СДЮШАР-8. Стадыёны "Прамень" і "Лакаматыў" знаходзяцца на рэканструкцыі і таксама не могуць быць дапушчаныя да правядзення матчаў вышэйшай лігі. Такім чынам, у нас не заставалася іншага выбару, апрача як пераносіць гульню ў іншы горад Гомельскай вобласці. Просім паставіцца да гэтага пытання з разуменнем і падтрымаць каманду ў такім важным матчы чэмпіянату", — гаворыцца ў звароце дырэктара клуба да балельшчыкаў.
Матч у Мазыры пачнецца ў 17.00. Уваход на сектар для балельшчыкаў футбольнага клуба "Гомель" будзе бясплатным. Таксама аб`яўлены прыём заявак на месцы ў аўтобусах для прыбыцця на гульню. Дырэктар клуба нагадвае, што непаўналетнія дапускаюцца толькі ў суправаджэнні бацькоў. Заяўкі можна адпраўляць у выглядзе СМС-паведамленняў на нумар: +375 44 757-98-53 або па электроннай пошце s.mikhail.a@gmail.com. У заяўцы трэба абавязкова ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку і нумар тэлефона для зваротнай сувязі.
Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 13 верасня 2011