Спаборніцтвы ў Наманганскай вобласці прайшлі пад эгідай Міжнароднага саюза веласіпедыстаў (UCI), удзел у іх прынялі больш за 60 спартсменаў з Беларусі, Узбекістана, Расіі, Казахстана і Ганконга. На працягу трох дзён спаборніцтваў беларуская каманда заваявала 4 залатыя, 2 срэбныя і 4 бронзавыя медалі. Двухразовым пераможцам «Шаўковага шляху Намангана» стаў наш Раман Цішкоў, які спачатку стаў мацнейшым у омніуме, а потым у пары з Дзянісам Мазурам выйграў мэдысан.
Таксама золата турніру дасталася беларусам Раману Раманаву (гонка па балах) і Караліне Бірук (скрэтч). Акрамя гэтай вікторыі, Бірук тройчы выйгравала бронзу: у омніуме, у гонцы з выбываннем і ў мэдысане ў тандэме з Настассяй Колесавай, якая была другой у асабістай гонцы на вылет. Яшчэ адным беларускім мультымедалістам форуму ва Узбекістане стаў Дзяніс Мазур, які заваяваў срэбра ў гонцы з выбываннем і бронзу у скрэтчы.
Звязда, 3 красавіка 2023