Правіламі рэгулюецца парадак аказання турыстычных паслуг і паслуг, звязаных з арганізацыяй турыстычнага падарожжа, калі яны ажыццяўляюцца не ў комплексе. Пры гэтым яны не распаўсюджваюцца на адносіны паміж суб’ектамі турыстычнай дзейнасці, якія ўзнікаюць з дагавораў даручэння або іншых не забароненых заканадаўствам дагавораў.
Выканаўца можа аказваць турпаслугі выключна на аснове дагавора. Пры гэтым неабходна прадаставіць заказчыку звесткі аб праграме падарожжа, дакладным часе яго пачатку, аб тураператары, які сфармаваў тур, аб кошце паслуг, тэрмінах і парадку іх аплаты, аб комплексе мер, якія гарантуюць забеспячэнне асабістай бяспекі і захаванасці маёмасці турыстаў, экскурсантаў і іншую інфармацыю.
Пры міжнародным выязным турызме дадаткова прадастаўляецца інфармацыя аб выкананні правіл асабістай бяспекі турыста, экскурсанта, аб забеспячэнні выканання тураператарам, які сфармаваў тур, абавязацельстваў па дагаворах, а таксама аб парадку звароту па кампенсаванне маёмаснай шкоды, калі тураператар не можа выканаць свае абавязацельствы.
Інфармацыя аб турыстычных паслугах павінна быць прадастаўлена ў пісьмовай форме разборлівым шрыфтам на зразумелай заказчыку мове.
Правіламі таксама рэгламентаваны парадак аказання паслуг па перавозцы, размяшчэнні, экскурсійным абслугоўванні. Акрамя таго, вызначаны асаблівасці аказання турыстычных паслуг непаўналетнім турыстам, экскурсантам. Таксама ўстаноўлена тыпавая форма дагавора аказання турыстычных паслуг.
Дакумент уступае ў сілу з 1 студзеня 2023 года.
Звязда, 16 жніўня 2022