Першы перыяд скончыўся з лікам 1:0 на карысць гаспадароў, у пачатку наступнага трэці «зубры» павялічылі адрыў да двух шайб. Дакладныя кідкі ў актыў запісалі расійскія пачаткоўцы «Дынама» Міхаіл Шалагін і Дзмітрый Сакалоў, дзве выніковыя перадачы аддаў Сяргей Сапега. Лідарства мінчан, аднак, доўжылася нядоўга — госці зраўнялі лічбы на табло яшчэ да другога перапынку. Зыход паядынку вырашыўся ў трэцім перыядзе, дзе перамогу дынамаўцам прынёс Раян Спунер — 3:2.
Па заканчэнні гульні каманды па ўзаемнай дамоўленасці згулялі авертайм у фармаце «3 на 3» і правялі серыю булітаў. Дадатковая 5-хвілінка засталася за далёкаўсходнікамі, у серыі пасляматчавых кідкоў дакладней апынуліся мінчане.
Заключны спарынг перад пачаткам новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі падапечныя Вудкрафта таксама правядуць супраць «Адмірала», сустрэча адбудзецца ў сталіцы ў нядзелю. Стартавы матч рэгулярнага чэмпіянату КХЛ «зубры» згуляюць 3 верасня на «Мінск-Арэне», першым сапернікам «Дынама» стане «Барыс» з Нур-Султана.
Звязда, 24 жніўня 2022