Бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі футбалісты мінскага "Дынама" ў другім матчы ў ізраільскім горадзе Беэр-Шэва ўступілі мясцоваму "Хапаэлю" з лікам 0:1. У першым тайме падапечныя Арцёма Чалядзінскага мелі перавагу, стварылі некалькі небяспечных момантаў, але мяч у вароты не трапіў. Пасля перапынку ўжо гаспадары валодалі ініцыятывай і на 88-й мінуце пасля грубай памылкі галкіпера Ягора Хаткевіча пераможны гол забіў Ратэм Хатуэль. Тыдзень таму мінчане саступілі з рэзультатам 1:2. У стартавым раўндзе дынамаўцы перамаглі па суме дзвюх сустрэч чарнагорскі "Дэчыч" - 1:1 і 2:1. У наступным адборачным раўндзе "Хапаэль" згуляе са швейцарскім клубам "Лугана".
Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў турэцкім горадзе Конья другі раз пацярпелі паражэнне ад "Каньяспора" - 0:2. У канцы першай палавіны сустрэчы вароты барысаўчан паразілі Амар Рахмановіч і Франсіска Кальва. На мінулым тыдні срэбныя прызёры беларускага першынства прайгралі з вялікім лікам 0:3.
Раней уладальнік Кубка Беларусі "Гомель" таксама завяршыў выступленне ў Лізе канферэнцый, двойчы ўступіўшы ў Салоніках грэчаскаму "Арысу" - 1:5 і 1:2.
Салігорскі "Шахцёр", які прайграў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў славенскаму "Марыбару", прадоўжыць выступленне ў Лізе канферэнцый. У 3-м адборачным раўндзе сапернікам чэмпіёна Беларусі будзе чэмпіён Румыніі ЧФР (Клуж-Напока). Матчы адбудуцца 4 і 11 жніўня.
29 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА
29 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА