https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Меню» для вандроўніка


На гэтым тыдні творчы дэсант папулярнага расійскага тэлеканала плануе ахапіць сваёй увагай самыя знакавыя мясціны Прынёманскага краю. Сярод традыцыйных маршрутаў з’явіліся і новыя адрасы.
Падыход абумоўлены ростам папулярнасці ўнутранага турызму і павелічэннем попыту расійскіх грамадзян на вандроўкі па рэгіёне. Прычым сюды прыязджаюць не толькі турысты. Апошнім часам Гродзенская вобласць стала папулярным месцам для здымкаў розных «трэвэл»-шоу. 

«Салата» з мінулага і сучаснага

Чарговыя здымкі расійскага тэлеканала самыя маштабныя. Будзе падрыхтавана некалькі дакументальных фільмаў аб падарожжы па Беларусі. У Гродзенскай вобласці — першай у маршруце расіян — праграма ахоплівае ўвесь рэгіён. Нямала знакавых аб’ектаў задзейнічана ў самім абласным цэнтры. Каралеўскія замкі, Каложская царква ХІІ стагоддзя, самая вялікая ў Беларусі харальная сінагога, знакамітая пажарная каланча з гарністам-сігнальшчыкам апоўдні, Касцёл Францішка Ксаверыя з самым старажытным у Еўропе вежавым гадзіннікам, дзеючая гатычная кірха з музычнымі арганнымі сустрэчамі... Усяго не пералічыць. У маршруце заяўлены і новыя аб’екты. Напрыклад, музей старажытнай паляўнічай і ваеннай зброі.

Як паведаміў каардынатар музея Вячаслаў Сяліцкі, установа хоць і маладая, ёй толькі два гады, але ўжо стала «музеем года» ў конкурсе «Пазнай Беларусь».

Сама галерэя знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, у будынку, дзе раней размяшчаліся пасольскія палаты. У дворыку можна ўбачыць самы вялікі ў Беларусі мурал плошчай 150 «квадратаў». З паляўнічай тэматыкай суседнічае і герб горада з аленем святога Губерта, дарэчы, паляўнічага. У экспазіцыі — парадная зброя ХІХ—ХХ стагоддзяў, якую можна лічыць творамі мастацтва. Многія здзіўляюцца, напрыклад, калі бачаць дзіцячую зброю. А такую робяць спецыяльна для парадаў. Ёсць тут і калекцыя ікон з выявамі святых са зброяй. У музеі праходзяць тэатралізаваныя прадстаўленні з уласнымі прывідамі. У хуткім часе тут будзе дзейнічаць экспазіцыя антычнай і экзатычнай зброі.

Яшчэ адзін новы аб’ект — былое радавое гняздо магнатаў Валовічаў у Свяцку, што паблізу Гродна. Будаваўся палац у ХVІІІ стагоддзі па праекце італьянскага архітэктара Джузепэ дэ Сака, але доўгі час велічны будынак стаяў у запусценні, і толькі ў 2017 годзе тут пачаліся работы па рэканструкцыі. Летась палацава-паркавы комплекс стаў даступны для наведвальнікаў. Як расказала яго кіраўнік Святлана Кончыц, запушчана некалькі аб’ектаў: гатэль прэміум-класа на 22 нумары, рэстаран-піваварня з чатырма сартамі крафтавага піва, гістарычная гасцёўня з фірменным дэсертам і тэатралізаваным прадстаўленнем. На тэрыторыі знаходзіцца пяць вадаёмаў, дно якіх выкладзена мораным дубам, таму вада тут чыстая і празрыстая. Да палаца вядзе алея з векавымі дрэвамі. Усе гэтыя асаблівасці будуць адлюстраваны ў фільмах расійскага цыкла «Невядомыя маршруты Беларусі».

Гродзенцы прымаюць не толькі расійскія СМІ, але і прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі Саюзнай дзяржавы. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай, за апошні час у рэгіёне пабывалі дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга, гарадоў Паўночна-Заходняй акругі Расіі, Смаленскай вобласці, Алтайскага краю. З рэкламнымі мэтамі ў расійскія рэгіёны ездзяць і гродзенскія турфірмы.

Гэта дае свой плён. Паток расіян расце, што выгадна для эканомікі Гродзенскага рэгіёна. Расіяне здымаюць дарагія нумары, наведваюць рэстараны. Напрыклад, з пачатку года амаль на 30 працэнтаў выраслі даходы, атрыманыя за кошт замежных турыстаў. Многія вельмі хваляць мясцовую кухню. У «топе» — Гродна, Аўгустоўскі канал, Мірскі і Лідскі замкі, Навагрудак, Жыровічы, Ваўкавыск.

«Смачныя» святы Прынямоння

Згодна са статыстыкай Інстытута сацыялогіі, кожны пяты беларус падарожнічае з мэтай наведаць фестывалі, святы, выстаўкі і іншыя мерапрыемствы. У сувязі з гэтым усё больш папулярным становіцца падзеевы турызм.

Напрыклад, толькі ў жніўні ўдзельнікамі такіх масавых мерапрыемстваў у Гродзенскай вобласці сталі звыш 150 тысяч чалавек. Апошні месяц лета выдаўся ў рэгіёне багатым на розныя святы і кірмашы. Сярод самых папулярных — «Бацькава булка» ў Свіслачы, «Іўеўскі памідор», «Ганненскі кірмаш» у Зэльве, «Свята мора» на Аўгустоўскім канале, «Кераміка Крэва», каля ста тысяч гасцей сабраў у Лідзе маштабны «Харч-Фэст», які завяршыў жнівеньскі святочны марафон. Усе гэтыя святы маюць свае адметнасці.

— Сёлетні жнівень пабіў усе рэкорды па наведванні мерапрыемстваў, — падкрэсліла Таццяна Лідзяева. — Нашы святы выклікаюць цікавасць не толькі ў беларусаў, але і замежнікаў, у тым ліку расіян. Для нас гэта вельмі істотны момант, бо дазваляе не проста прыцягнуць гасцей, але затрымаць іх у горадзе ці раёне. А гэта значыць, што яны абавязкова наведаюць славутыя аб’екты, набудуць сувеніры, зойдуць у кафэ. А падчас свята для гасцей фестываляў супрацоўнікі турысцка-інфармацыйных цэнтраў праводзяць экскурсіі.

У рэгіёне важнае значэнне надаецца турыстычным цэнтрам. Гродзенская вобласць першай у краіне пачала развіваць гэты кірунак і працягвае яго пашыраць. Цяпер гэтай сеткай ахоплена 11 раённых цэнтраў.

— Работа інфацэнтраў скіравана на тое, каб турыстычныя патокі ўзрасталі, значыць, трэба прапанаваць цікавыя анімацыі, экскурсіі, дэгустацыі. Напрыклад, у Навагрудку турысцка-інфармацыйны цэнтр праводзіць начныя экскурсіі з арганнай музыкай. І гэта карыстаецца высокім попытам. На жаль, не кожны інфармацыйны цэнтр мае ў штаце экскурсавода. А попыт на іх паслугі ў турыстаў расце, — заўважае Таццяна Лідзяева.

Каго вабіць «салодкі» маршрут

Па словах спецыялістаў, за апошнія некалькі гадоў турызм значна змяніўся ў адпаведнасці з патрабаваннямі спажыўца. З кожным годам павялічваецца колькасць новых маршрутаў. У Гродзенскай вобласці распрацавана больш як 300 разнастайных турыстычных маршрутаў, у тым ліку з гастранамічнымі элементамі. Удзельнікі тура каштуюць кулінарныя вырабы, хатнія сыры, прадукты з мёду і нават вінаградных слімакоў.

Адзін з такіх маршрутаў вядзе ў аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна. Тут вытворчасць мёду паспяхова злучыла прамысловасць і турызм. Як расказала дырэктар бізнес-праекта Вольга Гаўрылік, праграма тура разлічана і на дзяцей, і на дарослых. Наведвальнікі прамысловай пчалярні могуць убачыць увесь працэс атрымання мёду ад меданоса да ўпакоўкі. Тут пакажуць, як жылі пчолы мільёны гадоў таму і як абсталяваны сучасныя вуллі. Кожны можа ўзяць у рукі дымар, адкрыць вулей і адчуць сябе сапраўдным пчаляром. Удзельнікаў экскурсіі запросяць у музей для дэгустацыі дзесяці сартоў мёду.

— Мы першае прадпрыемства ў Беларусі, дзе пачалі вырабляць узбіты мёд па спецыяльнай тэхналогіі. Ён нагадвае мяккую пасту, куды дадаём натуральныя кампаненты: розныя ягады, імбір, фундук. Разам з мёдам частуем травяной гарбатай. Таксама турысты сваімі рукамі ствараюць з пчалінага воску свечку, якую бяруць у якасці сувеніра, — паведаміла дырэктар мядовага прадпрыемства.

Па яе словах, найчасцей сюды прыязджаюць школьнікі, але цікавасць праяўляюць і дарослыя. У прыватнасці, такія экскурсіі арганізоўваюць для тых, хто адпачывае ў мясцовых санаторыях. Таксама прадпрыемства супрацоўнічае з гродзенскімі ўніверсітэтамі ў навуковым кірунку.

Па звестках упраўлення спорту і турызму, з пачатку года ў Гродзенскай вобласці адбылося каля 40 маштабных свят і фестываляў — ваенна-патрыятычных, культурна-гістарычных, гастранамічных. А кухні народаў свету, якія былі прадстаўлены падчас сёлетняга фестывалю нацыянальных культур у Гродне, сталі аб’ектам увагі яшчэ аднаго папулярнага «трэвэл»-шоу НТВ «Поедем-поедим». І аўтары праекта не былі расчараваныя.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 2 кастрычніка 2024
 
Дата публикации:02.10.2024
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:79
 
Ключевые слова:
Гродна Туризм в Беларуси Фэст культуры Парэчча Белорусская кухня
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме