Сусветныя школьныя гульні пройдуць у сербскім Бялградзе, дзе школьнікі-спартсмены з усяго свету з 11 па 19 верасня будуць выступаць у 14 відах спорту. Беларусь на гульнях прадставяць 26 спартсменаў, якія будуць змагацца ў чатырох відах спорту: лёгкая атлетыка, дзюдо, плаванне і таэквандо.
"Беларусь па праву лічыцца краінай, у якой спорт развіваецца, - сённяшняе мерапрыемства таго доказ. Тут знаходзяцца 26 юных спартыўных талентаў, якія будуць прадстаўляць нашу краіну на Сусветных школьных гульнях. Дзеці, вы ўжо кожны пераможца, пераможца над сабой, таму што спорт робіць чалавека мацнейшым, загартоўвае не толькі цела, але і дух. Адборам на гульні з`яўляюцца розныя рэспубліканскія мерапрыемствы, школьныя спартакіяды. І мы адбіраем лепшых", - сказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Намеснік міністра адзначыў, што ў звязцы з Міністэрствам спорту і турызму, дзіцяча-юнацкімі спартыўнымі школамі настаўнікі фізічнай культуры і трэнеры ў цесным тандэме робяць так, каб юныя спартыўныя таленты былі заўважаны як мага раней. "І мне хочацца падзякаваць усім тым, хто мае дачыненне да гэтага, а таксама пажадаць поспехаў і ўдачы дзецям, каб беларускі сцяг на гульнях пазіцыянаваўся не толькі як сцяг каманды-ўдзельніцы, але і падымаўся як сцяг краіны-пераможцы", - падкрэсліў ён.
"Вялікая ўвага, якая надаецца развіццю спорту ў нашай краіне, заклікае нас змагацца за медалі і з годнасцю прадставіць Беларусь на Сусветных школьных гульнях. Мы прыкладзём усе намаганні, каб апраўдаць аказаны нам давер", - дадала капітан беларускай каманды Марыя Хвост.
9 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА
9 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА