https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прадаецца графская сядзіба


На Віцебшчыне стараюцца максімальна спрасціць пошук аб`ектаў для інвестараў, звесці да мінімуму бюракратычныя працэдуры і траты часу.
Тэма эфектыўнасці выкарыстання незапатрабаваных будынкаў і збудаванняў заўсёды будзе актуальная. Яна абмяркоўваецца на розных узроўнях прадстаўнічай і выканаўчай улады. І вельмі часта з выездам на месца — напрыклад, каб вывучыць назапашаны досвед. 

Пра неабходнасць новых падыходаў да ўцягвання аб`ектаў нерухомасці ў гаспадарчы абарот гаварыў у мінулым месяцы ў Оршы кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка. Між іншым, хутка споўніцца два гады з часу падпісання прэзідэнцкага ўказа (№ 506) аб развіцці Аршаншчыны. Многае там ужо зроблена, у тым ліку і ў справе навядзення парадку з нерухомасцю. Уся яна пастаўлена на ўлік, а гэта вялікі пласт работы, бо часам не хапала або адсутнічалі дакументы на некаторыя аб`екты. Непатрэбнае — тое, што, улічваючы дрэнны стан, дакладна не зацікавіць пакупнікоў — вырашана было зруйнаваць. А на тое, што даўно, ды беспаспяхова спрабуюць прадаць, значна знізілі цану...

У камітэце Віцебскаблмаёмасці, дарэчы, канстатуюць, што, па-ранейшаму, найбольшым попытам у пакупнікоў карыстаюцца аб`екты ў Аршанскім раёне, улічваючы прэферэнцыі для вядзення бізнесу. Вельмі запатрабаваныя будынкі, выстаўленыя на аўкцыён за адну базавую велічыню. У пачатку кастрычніка такім чынам купілі кацельню ў Аршанскім раёне ў вёсцы Браздзечына. Яе спрабавалі прадаць «з малатка» ўжо восьмы раз, і нарэшце ўдала. Пакупнік — прыватная арганізацыя з Оршы.

Па інфармацыі на час падрыхтоўкі артыкула, згаданы камітэт правёў сёлета ўжо сто ўдалых аўкцыёнаў. На іх была прададзена дзяржаўная маёмасць на суму 3,3 мільёна рублёў.

На юбілейных таргах рэалізавалі трохпавярховую сталовую ў райцэнтры Гарадок (на вуліцы Баграмяна). Агульная плошча лота — больш за 2,5 тысячы «квадратаў». Будынак, які не выкарыстоўваўся, безвынікова спрабавалі прадаць пяць разоў, пачынаючы з кастрычніка мінулага года. Першапачатковая цана — адна «базавая». Знайшлося два пакупнікі, і падчас таргоў на пяцьдзясят восьмым «кроку» продажу сталовая была прададзеная за 26,4 тысячы рублёў. Новы ўладар — фірма з Віцебска. У найбліжэйшы час у Гарадку яна адкрые гандлёвы аб`ект.

Дарэчы, нядаўна пра безгаспадарчую нерухомасць гаварылі на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў падчас абмеркавання надзённага пытання: як выконваецца заканадаўства ў дачыненні да жылля, што стаіць пустое?

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што актыўны ўдзел народных выбраннікаў ва ўцягванні ў гаспадарчы абарот нерухомасці — задача вельмі важная. У выніку населеныя пункты становяцца больш прыгожымі, арганізуюцца новыя вытворчасці, ствараюцца працоўныя месцы, бюджэт стабільна папаўняецца падаткамі. Камерцыйныя арганізацыі звычайна актыўна бяруць удзел у добраўпарадкаванні, фінансуюць розныя сацыяльныя праекты.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў не раз патрабаваў больш актыўна рэкламаваць аб`екты нерухомасці на продаж. Адпаведныя аб`явы прапанаваў размяшчаць каля трас, месцаў адпачынку, у мясцовых СМІ. Безумоўна, вялікі патэнцыял рэкламы ў інтэрнэт-прасторы. Інфармацыю можна знайсці на сайтах райвыканкамаў, а на рэсурсе Віцебскаблмаёмасці — вельмі зручную карту з указаннем пунктаў таго, дзе можна нешта купіць. Націскаеш і бачыш фота і ўсе неабходныя звесткі.

У прыватнасці, у прыгранічным з Еўрасаюзам Браслаўскім раёне сярод іншага можна купіць гісторыка-культурную каштоўнасць XVІІІ стагоддзя. Прадаецца былая графская сядзіба, размешчаная на беразе возера. І там — на зямельным участку плошчай 17,2 га — ёсць крыніца мінеральных водаў.

Усё больш будынкаў мясцовай уладзе ўдаецца перадаць дзелавым людзям пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў.

Аўтар: Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 30 кастрычніка 2020
 
Дата публикации:30.10.2020
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:187
 
Ключевые слова:
Віцебск Приватизация Предпринимательство Инвестиции Историко-культурная ценность Госимущество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме