"Мы вывучаем магчымасць звяртання ў суд з іскам да Расавіяцыі ў сувязі з грубым парушэннем палажэнняў міжурадавага пагаднення ў сферы грамадзянскай авіяцыі і паветраных зносін", — сказаў ён.
Чаргінец падкрэсліў, што ў гэтым пагадненні прапісана, за якія менавіта парушэнні можа быць адкліканы дазвол на палёты. Сярод іх, напрыклад, грубае парушэнне бяспекі палётаў, адсутнасць страхоўкі. "Расавіяцыя не мела падстаў адабраць ужо раней выдадзены дазвол на выкананне палётаў. Ніякіх парушэнняў з нашага боку не было. Гэта проста ідзе дыктат, каб далі выконваць больш рэйсаў авіякампаніі "Аэрафлот", — упэўнены Чаргінец.
Ён таксама заявіў: "Белавія" будзе рабіць "усё, каб не пацярпелі пасажыры, вяртаць грошы за білеты, калі спатрэбіцца". Пры гэтым Чаргінец абверг распаўсюджаную некаторымі СМІ інфармацыю, што ў выніку беларуска-расійскага авіяцыйнага канфлікту білеты на рэйсы "Белавія" істотна падаражэлі.
Нагадаем, канфлікт пачаўся 26 сакавіка, калі Расвіяцыя нечакана адклікала дазвол на палёты самалётаў "Белавія" ў Маскву. Беларусь, у сваю чаргу, забараніла самалётам расійскіх авіякампаній лятаць у Мінск. Авіязносіны былі спыненыя на чатыры гадзіны і аднавіліся пасля дамоўленасці бакоў працаваць у ранейшым рэжыме да 12 красавіка і паралельна весці перамовы.
Прычынай канфлікту стала колькасць рэйсаў па маршруце Мінск — Масква: расійскі бок настойвае на іх павелічэнні да пяці, беларускі — на парытэце з чатырох рэйсаў. Планы Расіі павялічыць колькасць палётаў у Мінску разглядаюць як спробу атрымаць перавагу на беларускім рынку авіяперавозак. Беларускі бок таксама заяўляе, што арганізацыя пятага рэйса ў Расію ёй эканамічна нявыгадная.
У сваю чаргу расіяне заяўляюць, што пагадненне аб паветраных зносінах паміж Расіяй і Беларуссю састарэла і не адпавядае дамоўленасцям аб агульнаэканамічнай прасторы, а таксама нормам Мытнага саюза.
Першы раўнд перамоў авіяцыйных улад дзвюх краін адбыўся 29—30 сакавіка, другі — 5 красавіка, аднак вырашыць канфліктную сітуацыю пакуль не ўдаецца.
Раніцай 5 красавіка стала вядома, што Беларусь праінфармавала авіяцыйныя ўлады Расіі аб намеры з 13 красавіка ў аднабаковым парадку скараціць колькасць рэйсаў расійскіх авіякампаній з Масквы ў Мінск. У адказ на гэта расійскі бок абвясціў, што з 13 красавіка ўводзіць забарону на ажыццяўленне кампаніяй "Белавія" палётаў у расійскія рэгіёны. Беларускай авіякампаніі дазволены толькі рэйсы ў Маскву.
Каментуючы сітуацыю, гендырэктар Нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" Анатоль Гусараў вечарам у чацвер заявіў: расійскія авіяцыйныя ўлады праяўляюць непавагу да Беларусі і поўнае неразуменне інтарэсаў пасажыраў.
Наступны раўнд перамоў павінен прайсці ў Мінску 9 красавіка. Расійскі бок будуць прадстаўляць намеснік міністра транспарту Валерый Акулаў і кіраўнік Расавіяцыі Аляксандр Нерадзько. Міністр транспарту РФ Ігар Лявіцін выказаў надзею, што бакі "змогуць прыйсці да ўзаемапрымальнага рашэння ў інтарэсах авіяпасажыраў дзвюх краін", паведаміла прэс-служба расійскага Мінтранса.
Між тым сёння раніцай з`явілася інфармацыя, што, калі "Белавія" забароняць палёты ў рэгіёны Расіі, кампанія будзе дабівацца скарачэння колькасці рэйсаў паміж Масквой і Мінскам да двух з кожнага боку, прычым скарачэнне будзе з расійскага боку за кошт кампаніі "Аэрафлот", таму што менавіта гэта кампанія лабіруе забарону палётаў для "Белавія" ў рэгіёны Расіі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2012