Паводле слоў Івіна, ФМС падрыхтавала праект указа прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева па поўнай ліквідацыі мытнага кантролю на ўнутраных межах Мытнага саюза і даручэнні ўрада па яго рэалізацыі. З 1 ліпеня плануецца ліквідаваць 36 мытных органаў на дзяржаўнай мяжы РФ — на казахстанскім і беларускім участках; будуць звольненыя 3,6 тысячы супрацоўнікаў гэтых органаў.
"На расійска-беларускай мяжы ніводнага кантрольнага органа Расійскай Федэрацыі не застаецца. Мытныя органы з тых месцаў, дзе яны цяпер ажыццяўляюць сваю дзейнасць, сыходзяць, шлагбаўмы і іншыя атрыбуты мяжы будуць цалкам знятыя. Такім чынам, на беларускім участку дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі будуць поўнасцю адсутнічаць якія-небудзь прыкметы перасячэння мяжы — як для перавозчыкаў грузаў, так і для фізічных асоб", — удакладніў Івін.
Паводле яго слоў, у дачыненні да ўчастка мяжы з Казахстанам існуе пераходны перыяд, і ў пунктах пропуску застануцца пагранічнікі, якія будуць праводзіць толькі пагранічны і міграцыйны кантроль.
Івін нагадаў, што ў межах стварэння Адзінай эканамічнай прасторы рыхтуецца шэраг дакументаў па адмене пагранічнага кантролю.
Усе функцыі, якія выконваюць мытныя органы (мытны, ветэрынарны, фітасанітарны і інш.), выводзяцца з пунктаў пропуску на знешні контур Мытнага саюза. "Такім чынам, Федэральная мытная служба цалкам гатовая да выканання раней пастаўленых задач, да адмены з расійскага боку мытнага кантролю ў поўным аб`ёме на расійска-беларускім і расійска-казахстанскім участку дзяржаўнай мяжы", — рэзюмаваў Івін.
У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага афармлення і мытнага кантролю ФМС РФ Дзмітрый Някрасаў паведаміў, што цяпер завяршаецца праца па забеспячэнні ўзаемнай прысутнасці супрацоўнікаў мытных службаў трох дзяржаў. З Беларуссю, паводле яго слоў, ужо ёсць шматгадовы вопыт такога супрацоўніцтва, тады як з Казахстанам пытанне патрабуе пільнай увагі.
Таксама падрыхтавана пагадненне пра абмен інфармацыяй паміж мытнымі органамі, што дазволіць забяспечыць празрыстасць афармлення і кантролю на тэрыторыі ўсіх трох краін.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 чэрвеня 2011