https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзярждума Расеі пра "агульнагістарычны лёс расейскага і беларускага народаў"


Беларуска-расейскі канфлікт уваходзіць у новую фазу супрацьстаяньня. Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі прынялі заяву «Аб сытуацыі ў расейска-беларускіх адносінах» у сувязі з маючымі адбыцца выбарамі прэзыдэнта Беларусі.
У дакумэнце падкрэсьліваецца некарэктная перадвыбарчая рыторыка беларускага лідэра, якая парушае ўсе правілы прыстойнасьці. Заява прынятая ва ўнісон выказваньням прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, які ў сваім відэаблогу канстатаваў, што беларуска-расейскія дачыненьні зайшлі ў тупік.

У заяве сьцьвярджаецца, што кіраўніцтва Беларусі выкарыстоўвае апошнім часам "антырасейскую рыторыку", што "ідзе ў распор з агульнагістарычным лёсам расейскага і беларускага народаў".

Дэпутаты выказалі падтрымку прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву, які некалькі дзён таму ў сваім відэаблогу рэзка скрытыкаваў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Гэта здарылася пасьля таго, як Лукашэнка абвінаваціў акружэньне Мядзьведзева ў арганізацыі інфармацыйнай кампаніі супраць яго ў расейскіх СМІ.

За прыняцьце заявы галасавалі 380 дэпутатаў, супраць – 56 прадстаўнікоў КПРФ.

Агульную танальнасьць абмеркаваньню задаў лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімер Жырыноўскі. Паводле ягоных слоў, кіраўніцтва Беларусі намагаецца зрабіць з Масквы галоўнага ворага, а ўся перадвыбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі пабудаваная выключна на антырасейскіх выпадах:

«Паводзіць сябе па-хамску, нахабна паводзіць, ідзе ва-банк. Няўжо ён думае, што ўсе заплюшчаць вочы на фальсыфікацыю выбараў? Ён чэсна перамагчы ня можа. Максымальная падтрымка — 20%. Ну, 30% ад сілы. Больш за 50% ён ня зможа атрымаць. Таму вось такая лаянка зь ягонага боку. І антырасейская рыторыка нас, вядома, ня радуе».

Ініцыятарам заявы выступіў кіраўнік думскага камітэту ў справах СНД Аляксей Астроўскі. Праект цалкам падтрымлівае пазыцыю прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, якую той агучыў 3 кастрычніка. Мядзьведзеў у адмысловым відэазвароце падкрэсьліў: адносіны Масквы і Менску не павінны выкарыстоўвацца як разьменная манэта падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. Дэпутат Астроўскі разьвіў думку:

«Калі ёсьць пэўныя посьпехі — гэта посьпехі Лукашэнкі. Калі зьяўляюцца нейкія мінусы, праколы, прабелы (а іх у апошнія гады ўсё больш і больш), то гэта Расея, Масква, асабіста Мядзьведзеў-Пуцін. Нашы кіраўнікі, тым ня меней, разумеючы, што мы дапамагаем беларусам, не рэагавалі на падобныя выпады. Што тычыцца апошніх заяваў спадара Лукашэнкі, то для мяне ў гэтым няма нічога дзіўнага. Крах беларускага цуду, крах беларускай эканомікі, і на такім фоне Лукашэнка хоча, як абсалютна справядліва сказала спадарыня Цімакова, зноў уехаць у новы прэзыдэнцкі тэрмін. Заробкі, пэнсіі скарачаюцца, сямімільнымі крокамі растуць цэны, і многія мае беларускія сябры ўсё часьцей на кухнях гавораць пра тое, што Лукашэнка „дастаў“. Відавочна, гэта вельмі добра разумее і ведае сам Аляксандар Рыгоравіч, таму яму патрэбен вобраз зьнешняга ворага. І тут зьяўляецца Масква».

Сьледам за Дзьмітрыем Мядзьведзевым кіраўніца крамлёўскай прэс-службы Натальля Цімакова ўдакладніла, што адносіны з кіраўніцтвам Беларусі зайшлі ў тупік і ўжо ня будуць ранейшымі, бо спробы Лукашэнкі ўехаць у новы тэрмін на антырасейскай тэматыцы паўплывалі на адносіны кіраўнікоў у асабістым пляне.

Тэкст заявы па Беларусі падтрымалі і тыя расейскія палітыкі, якія спагадліва ставіліся да беларускіх уладаў. Сярод іншага, у заяве гаворыцца, што рыторыка, якая цяпер выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Беларусі, выклікае неразуменьне і поўнае непрыняцьце ў расейскага народу. А ў сувязі з надзвычай агрэсіўнымі паводзінамі афіцыйнага Менску расейскі бок пацьвярджае: Расея будуе свае адносіны з народамі постсавецкіх дзяржаваў, а не з прэзыдэнтамі. А гэта значыць, нікому не дазволена прысвойваць сабе права на адносіны з Расеяй. Старшыня міжнароднага камітэту Дзярждумы Канстанцін Касачоў лічыць, што Лукашэнка сам спрычыніўся да кардынальнага перагляду саюзьніцкіх адносінаў:

«Той абразьлівы тон, які, на жаль, ужо цягам доўгага часу дазваляе сабе прэзыдэнт Лукашэнка ў адносінах да расейскіх кіраўнікоў, павінен быў рана ці позна атрымаць адэкватны адказ. Як гавораць, Бог сьведка і судзьдзя, што цярпеньне кіраўніцтва Расеі было вельмі працяглым. Мы раз за разам дазвалялі Лукашэнку (напэўна, зараз ужо можна сказаць — на жаль) рабіць тыя ці іншыя заявы, ажыцьцяўляць тыя ці іншыя дзеяньні, лічачы, што гэта нейкія хваробы разьвіцьця, хваробы росту Беларусі як грамадзтва, на якіх спэкулюе прэзыдэнт Лукашэнка. Але зараз робіцца зразумелым, што справа тут ні ў якіх не ў этапах разьвіцьця Беларусі, справа ў асабістых амбіцыях Лукашэнкі, якія, на жаль, зараз пайшлі ўразрэз з уласнымі інтарэсамі беларускага народу і выйшлі за рамкі і палітычнай, і чалавечай этыкі».


Расейскі журналіст Уладзімер Салаўёў, які доўгі час адпрацаваў на тэлеканале НТВ, лічыць апраўданай інфармацыйную «адукацыю» расейскіх грамадзянаў, якую ўзялі на ўзбраеньне ягоныя калегі ў Расеі. У эфіры радыё «Вести FM» ён заявіў, што толькі такім чынам можна зламаць стэрэатып расейцаў адносна «разумнага і справядлівага беларускага Бацькі». Дарэчы, НТВ скончыла працу над чарговым, чацьвёртым па ліку, фільмам з сэрыі «Хросны Бацька» і пакажа яго ў пятніцу:

«Вельмі дзіўна гучала, калі 1 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ прэзыдэнт Беларусі абвінаваціў расейскае кіраўніцтва ў спробе адлучыць яго ад улады. Апроч таго, ён параўнаў інфармацыйную кампанію супраць сябе з гучнымі адстаўкамі расейскіх губэрнатараў-цяжкавагавікоў. Па-першае, цікавае пералічэньне. Тым самым Лукашэнка сябе пазыцыянуе не як кіраўніка незалежнай дзяржавы, пра што ўсё гучней заяўляе парлямэнт Беларусі, а як аднаго з рэгіянальных, прытым старарэжымных, кіраўнікоў. Але ёсьць законы гістарычнага разьвіцьця. Лукашэнка сыдзе ў мінулае. Ніхто ня вечны, палітычна ў тым ліку. Дзіўна, што Лукашэнка ня здольны гэтага зразумець. І паводзіць сябе, пастаянна таргуючыся, абражаючы і будучы чалавекам, шчыра кажучы, ужо і немаладым, — прынамсі непрыстойна».

Ці варта чакаць прынцыповых зьменаў для Беларусі пасьля сёньняшніх захадаў расейскай Дзярждумы? Вось якой думкі трымаецца экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец:

«Дзяржаўная дума Расеі ў першую чаргу ўплывае на расейскую грамадзкасьць. Але, канечне, гэтая заява будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Бо наша вэртыкаль улады, у тым ліку дэпутаты абедзьвюх палатаў, пільна сочаць за падзеямі, якія адбываюцца ў суседзяў. Магчыма, уплыў будзе не на сам вынік выбараў, але на агульны настрой нашага грамадзтва — гэта адназначна. Бо на сёньня ўжо цалкам актуальнае пытаньне: ці патрэбен нам такі прэзыдэнт, які ня можа наладзіць добрыя адносіны з нашым саюзьнікам? Натуральна, што беспрэцэдэнтная сама па сабе зьява, бо на такім узроўні пытаньні паміж Масквой і Менскам яшчэ не ўзьнікалі. Усе ведаюць, што ў нас ня вельмі добрыя адносіны з Эўропай і Амэрыкай, але з Расеяй такога кшталту канфлікту яшчэ не было. Таму ёсьць надзеі на тое, што ў нашым грамадзтве адбудуцца доўгачаканыя перамены».

Катэгарычна супраць выступіла фракцыя КПРФ. Асноўным аргумэнтам камуністаў было тое, што пасьпешлівае рашэньне можа нэгатыўна паўплываць на міждзяржаўныя стасункі. Аднак сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў выказаў перакананьне, што заява накіраваная якраз на тое, каб вярнуць страчаныя сувязі.

Радыё Свабода
06 кастрычніка 2010
Ігар Карней
 
Дата публикации:06.10.2010
Тематика:Новости, ЕАЭС
Просмотров:4016
 
Ключевые слова:
Информационная война Выборы в Беларуси Союзное государство Государственная Дума Пресс-конференция А.Лукашенко Российско-белорусский конфликт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме