Новыя нормы, уключаныя ў саюзны тэхнічны рэгламент "Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі", дазволяць пакупнікам зрабіць больш усвядомлены і правільны выбар харчовых тавараў, паведамляе прэс-служба ЕАЭС.
Надпіс "ГМА" цяпер павінен наносіцца буйным шрыфтам побач з адзіным знакам абарачэння прадукцыі на саюзным рынку — ЕАС. Пры гэтым знак ГМА павінен адпавядаць па форме і памеры знаку ЕАС.
Распрацоўшчыкам змяненняў, паведамляе прэс-служба, "выступіў Расспажыўнагляд з улікам пажаданняў спажыўцоў". Дакумент прайшоў усе неабходныя працэдуры, уключаючы публічнае абмеркаванне і ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне ў краінах ЕАЭС, і быў прыняты на пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ў снежні 2017 года. Тады ж на адаптацыю бізнесу да ўвядзення новых патрабаванняў было адведзена дванаццаць месяцаў.
Ранейшая рэдакцыя тэхрэгламенту аб маркіроўцы харчовай прадукцыі ўжо абавязвала вытворцаў інфармаваць пакупнікоў аб прымяненні і ўтрыманні ГМА (звыш 0,9%) у выглядзе надпісаў: "генетычна мадыфікаваная прадукцыя", "прадукцыя, атрыманая з генна-мадыфікаваных арганізмаў", "прадукцыя ўтрымлівае кампаненты генна-мадыфікаваных арганізмаў". Аднак гэтыя звесткі маглі ўказвацца дробным шрыфтам і не ў строга вызначаным месцы, што не заўсёды дазваляла заўважыць іх на ўпакоўцы.
Тэхнічны рэгламент патрабуе, каб знак ГМА быў нанесены спосабам, які забяспечвае яго лёгкую чытальнасць і бачнасць на працягу ўсяго тэрміну прыдатнасці харчовай прадукцыі.
Рашэннем калегіі камісіі ад 10 мая 2018 года вызначаны пераходны перыяд — 18 месяцаў, на працягу якіх дапускаюцца вытворчасць і выпуск у абарачэнне ў Саюзе харчовай прадукцыі, атрыманай з прымяненнем ГМА, у адпаведнасці з абавязковымі патрабаваннямі па маркіроўцы, якія ўстаноўлены тэхрэгламентам.
Абарачэнне такіх тавараў дапускаецца на працягу тэрміну іх прыдатнасці, вызначанага вытворцам.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 26 снежня 2018
Мінск, 26 снежня 2018