https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сакен Сейфулін: «Мы ўлюбіліся ў Беларусь»


1-га лістапада казахская дэлегацыя прыехала ў Беларусь да месца апошняга спачыну Адольфа Янушкевіча, удзельніка паўстання 1830-1831 гг.
Трэба адзначыць, што гэтая любоў — узаемная. Напачатку беларус Адольф Янушкевіч, апынуўшыся ў Казахстане, сэрцам прыкіпеў да гэтай зямлі і яе народа. І хоць з дня нараджэння нашага земляка прайшло ўжо 210 гадоў, памяць аб ім шануюць у абедзвюх краінах. 1 лістапада казахская дэлегацыя спецыяльна прыехала ў вёску Дзягільна Дзяржынскага раёна, да месца апошняга спачыну гэтага чалавека. Туды ж завіталі і шматлікія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, мясцовыя жыхары.

Цікавы той факт, што такая сустрэча магла б і не адбыцца. Казахі мелі намер ушанаваць Янушкевіча, аднак думалі, што ён удзельнік польскага паўстання (1830—1831 гг.), таму ехаць трэба ў Варшаву. Праліў святло на праблему кіраўнік праекта «Беларускі партал у Казахстане» Міхась Буланаў, які расказаў, што гэты чалавек насамрэч беларус: тут нарадзіўся і тут знайшоў месца апошняга спачыну.

Прыехаўшы па слядах знакамітага этнографа, некалькі дзён пабыўшы ў нашай краіне, казахі адкрылі для сябе невядомы ім раней край, які таксама аказаўся блізкім іх сэрцу. Прадпрымальнік, мецэнат Сакен Сейфулін адзначае:

— Я люблю гісторыю і культуру, цікаўлюся імі. Таму настроены на тое, каб увекавечыць памяць пра беларуса Адольфа Янушкевіча, які вельмі шмат зрабіў для Казахстана… Мы прыехалі ў Беларусь і былі прыемна здзіўлены. Мы ўражаны вашай краінай. Па-першае, гаспадаркай: усе прадпрыемствы працуюць, дарогі ў выдатным стане. Прадукты харчавання ў паўтара раза таннейшыя, чым у нас. Па-другое, шмат увагі надаецца культуры, што таксама дзіўна. Мы наведалі замкі ў Міры, Нясвіжы — гэта сусветны ўзровень. Па-трэцяе, вельмі прыемнымі для нас былі вашы добразычлівыя адносіны, чалавекалюбства. Мы ўлюбіліся ў Беларусь. Зразумелі вашу гісторыю — у прыватнасці, што яна была часткай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

На ўрачыстасці ў Дзягільна завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенаў, які адзначыў:

— Гэта сапраўды знамянальная дата — 210-годдзе з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча, якога ведаюць у Беларусі. Але таксама памятаюць і вельмі шануюць у Казахстане. Я думаю, адметна тое, што падзея супала з тым, што літаральна на днях у Мінску сабраліся прэзідэнты 9 краін СНД. Быў і прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Наша сяброўства, пачынаючы са знакавай асобы Адольфа Янушкевіча, вытрымала выпрабаванні XІX, XX стагоддзя і сёння толькі мацнее, перадаецца новым пакаленням.

У вёсцы Дзягільна захавалася магіла Янушкевіча. Сёння над ёй узвышаецца вялікі камень з барэльефам. А калісьці тут была яшчэ і пліта, пастаўленая сябрамі. На ёй былі выбіты радкі, напісаныя Густавам Зялінскім, якія, падаецца, добра характарызуюць асобу гэтага чалавека:

«З духу, сэрца і думкі, з цнот, ахвяр і ўчынкаў
Бог не меў слуг яго больш адданых, край —
болей годнага сына.
І ты, хто верыш з непахіснай сілай,
І ты, хто праходзіш ля ягонай магілы,
За яго, але і за сябе памаліся, каб праз тое ўпрасіць
Так кахаць і цярпець, так верыць і жыць».


Годнасць многіх прадстаўнікоў нацыі можа абудзіцца, калі тыя прачытаюць такія радкі пра свайго земляка. На гэтых жа могілках захавалася і магіла маці Янушкевіча Тэклі. Яна паходзіла з роду Сакалоўскіх, што былі пароднены са знакамітымі Касцюшкамі. Пліта захавалася. На ёй, акрамя надпісаў, выбіты і радавы герб. Сучасныя мастакі і архітэктары зрабілі над плітой невялічкую каплічку. Пра гэта апавядае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Цыдзік:

— Над помнікам Тэклі Сакалоўскай (у той час было заведзена, што жанчыны захоўвалі прозвішча бацькоў), увасоблены той вобраз, што сімвалізуе духоўнасць, боскасць (а таксама ўвагу грамадскасці да гэтай асобы). Бо ўсё пачынаецца з сям’і, з роду. Бо ўнутрана моцныя людзі і сваіх дзяцей выхоўваюць годна. Мы вырашылі, што каплічка ўдала дапоўніць стварэнне пазамінулага веку — пліту, якая і сама па сабе выклікае захапленне. Бо зроблена яна з натуральнага каменю, выкарыстана арыгінальная кампазіцыя. Мы прадоўжылі яе, і, мне падаецца, XІX і XXІ стагоддзе добра спалучыліся разам.

На гэтым нечаканыя знітаванні ў гэты дзень не скончыліся. Сам дзень аказаўся сімвалічным. Пра гэта распавёў сучасны прадстаўнік роду, скульптар Валяр’ян Янушкевіч:

— Мы адзначаем гэты юбілей акурат напярэдадні свята Дзяды. Нездарма, у паэме Адама Міцкевіча «Дзяды» галоўны герой — той самы Адольф — гэта і ёсць Адольф Янушкевіч. Усё глыбока сімвалічна. І тое, што захавалася магіла яго маці, паказвае, што гэтая зямля — не знішчальная, адсюль нікога немагчыма выгнаць, яны ўсё адно будуць сюды вяртацца… Так і Адольф Янушкевіч, будучы ў выгнанні ў Сібіры, сэрцам знаходзіўся тут, у вёсцы Дзягільна.

Часам, ці варты зямляк ушанавання, найлепш могуць сказаць мясцовыя жыхары. Бо пра яго яны ведаюць не з кніжак і чужых гісторый, а самі шчыра могуць расказаць, якім ён быў. Як ні дзіўна, але ў Дзягільна і праз два стагоддзі памятаюць сям’ю Янушкевічаў. Мясцовая жыхарка Таццяна Патапава (у дзявоцтве Ключнік) падзялілася ўспамінамі з карэспандэнтам «Звязды»:

— Мая мама ведала сям’ю Адольфа Янушкевіча, бо яна пражыла без 5 месяцаў 100 гадоў. Яна ўзгадвала, што яны жылі тут, мелі маёнтак. Маміны бацькі працавалі ў іх парабкамі. Яны былі надзвычай добрымі гаспадарамі. Падарылі маме добрую коўдру. І мама, калі нараджала і забірала дзяцей з раддома, у гэтую коўдру загортвала кожнае сваё дзіця. Усе ўрачы здзіўляліся, адкуль такая прыгажосць: бо гэта была замежная коўдрачка, не звычайная. Яна дагэтуль у мяне захавалася, ляжыць у шафе.

Сярод мясцовых сустрэлася і Алена Янушкевіч, якая на пытанне, ці не сваячка яна слыннаму земляку, адказала: «Можа, і радня якая, дзядоў, прадзедаў Адольфа. А хто ў дзяцінстве пра гэта ведаў?..» З гэтымі жанчынамі прывітаць гасцей прыйшлі і многія іншыя жыхары Дзягільна, сярод якіх і Валянціна Антоненка, Ганна Кобрын.

З вясковых могілак уся дэлегацыя накіравалася да панскага дома, у якім калісьці жылі Янушкевічы. Сёння гэты будынак адрэстаўраваны індывідуальным прадпрымальнікам Аляксеем Луцэвічам. Цяпер у ім знаходзіцца сталярная майстэрня, у якой каштоўныя вырабы з’яўляюцца на свет з найлепшых парод дрэва.

Як бачым, памяць пра Адольфа Янушкевіча не проста жывая: яна шмат каго аб’ядноўвае цяпер, у XXІ стагоддзі. Дарэчы, вуліцы імя гэтага чалавека ёсць у казахстанскіх Алматы, Астане, а таксама ў Польшчы. Кажуць, такая вуліца павінна хутка з’явіцца і ў Дзяржынску…

Ніна Шчарбачэвіч, Дзяржынскі раён
Звязда, 5 лістапада 2013
 
Дата публикации:05.11.2013
Тематика:Культура, ЕАЭС
Просмотров:1357
 
Ключевые слова:
Адольф Янушкевіч Беларусь-Казахстан Сакен Сейфуллин
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме