https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Імя, якое яднае, або Як казахі набылі выдатнага цюрколага, а беларусы страцілі вялікага раманіста


Працы Адольфа Янушкевіча дагэтуль лічацца найлепшай крыніцай гісторыі жыцця казахаў XІX стагоддзя.
Казахі лічаць, што рука Бога была ў тым, каб пасля ўдзелу ў паўстанні 1830—1831 гадоў беларус Адольф Янушкевіч быў сасланы ў Сібір. Там ён пачаў працаваць у памежным упраўленні, стаў часта сустракацца з казахамі і наведваць розныя куточкі. Янушкевічу глыбока ў сэрца запаў гэты народ і яго зямля. Усё, што бачыў вакол сябе, ён занатоўваў у дзённік. Так і атрымалася, што сёння працы беларуса лічацца найлепшай крыніцай гісторыі жыцця казахаў XІX стагоддзя. Яны бязмежна ўдзячныя яму і цяпер, у XXІ стагоддзі. Казахская дэлегацыя спецыяльна пераадолела 4000 кіламетраў і днямі прыехала ў Беларусь, каб ушанаваць нашага славутага земляка.

Мерапрыемствы па ўшанаванні Адольфа Янушкевіча пройдуць сёння а 11 гадзіне ў вёсцы Дзягільна Дзяржынскага раёна. На іх будзе прысутнічаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Беларусі Ергалі Булягенаў, пісьменнік Хакім Амар, бізнесмен Сакен Сейфулін, а таксама беларуская інтэлігенцыя.

Напярэдадні госці, якія прыехалі з Казахстана, завіталі ў Выдавецкі дом «Звязда», дзе разам з дырэктарам — галоўным рэдактарам Алесем Карлюкевічам абмеркавалі беларуска-казахскія культурныя праекты. Прысутнічалі таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік, кіраўнік праекта «Беларускі партал у Казахстане» Міхась Буланаў.

Алесь Карлюкевіч расказаў пра беларуска-казахскія літаратурныя стасункі. Шэраг перакладаў казахскіх паэтаў выходзіў у перыёдыцы. У музеі Якуба Коласа ў апошнія гады ладзілася вечарына, прысвечаная казахскаму паэту Джамбулу. Бо ў 1930-х ужо знакавыя творчыя фігуры — Колас і Джамбул — абменьваліся прывітаннямі.

Казахі станоўча ацанілі актыўную папулярызатарскую дзейнасць беларусаў. А каб неяк замацаваць добрыя стасункі, прапанавалі стварыць сумесны цэнтр імя той асобы, якая яднае два народы. Хакім Амар патлумачыў гэты намер:

— Для нас, казахаў, Адольф Янушкевіч — гэта значная фігура. Мы маем 50-томную «Бібліятэку казахскай этнаграфіі», і асобны, 29-ы, том у ёй займаюць «Дзённікі і лісты з вандроўкі па казахскіх стэпах» Адольфа Янушкевіча… Арабскую гісторыю, напрыклад, лепш за ўсіх ведалі ізраільскія гісторыкі. А казахскую гісторыю — расіяне: для таго, каб заваяваць, падпарадкаваць сабе вялізную тэрыторыю. Лепшыя знаўцы, якія пасля сталі вядомымі цюрколагамі, працавалі на такую ідэю. Так распарадзіўся лёс, што і Адольф Янушкевіч апынуўся ў гэтай сістэме. Мы неяк абмяркоўвалі ў сябе на радзіме і вырашылі, што ў тым была рука Бога, наканаванне звыш. Магчыма, у яго асобе свет страціў вялікага пісьменніка, раманіста. Аднак мы атрымалі найвялікшага цюрколага. Тое, што ён пакінуў — гэта бясцэнная спадчына.

Відавочна, што Янушкевіч быў надзвычай уважлівы да ўсяго, што апісваў, і рабіў гэта з беларускай прастатой, непрадузятасцю і талентам сапраўднага творцы. Пра гэта расказвае Хакім Амар:

— Калі паглядзець на гэтую кнігу, яна геніяльна пабудавана. Яе можна параўнаць з выдатным творам Мухтара Аўэзава "Шлях Абая", як "узыходжанне на вяршыню". У тэксце Янушкевіча, які пасля быў перакладзены і выдадзены, увасоблена практычна ўся казахская гісторыя. Гэта этнаграфічны партрэт народа, і ён вымалёўваецца на кожнай старонцы. Адольф Янушкевіч расказвае, напрыклад, пра антрапонімы: казахі маглі называць сваіх дзяцей Капітан, Маёр, Пан. Распавядае пра мянушкі жывёл, пра гаспадарку і нават пра становішча жанчыны ў грамадстве. Закранае літаральна ўсе сферы жыцця. А якой мовай гэта напісана! Які пранікнёны погляд у гэтага чалавека! Ён усё заўважае. Я згадваю словы, якія былі сказаны пра Эйнштэйна: «Хто такі геній? Гэта проста чалавек, які ў пэўным прадмеце бачыць больш, чым іншыя». Так і Адольф Янушкевіч — бачыў больш, чым іншыя. А ссыльных у Сібіры было шмат, каля 1000 чалавек. Дарэчы, цікава, што сярод іх былі тыя, хто працаваў на царскую каланіяльную адміністрацыю, і хто наадварот, уцёк з Сібіры і далучыўся да антыкаланіяльнага руху казахаў.

Напрыканцы Выдавецкаму дому «Звязда» была ўручана кніга казахскай кухні. Бо, як патлумачылі шаноўныя госці, Янушкевіч шмат пісаў пра іх нацыянальную ежу — мяса. Ён адзначаў, што ўсе арыстакраты елі плоў і пілі чай (рысу у той час у стэпе не было). А беднякі елі каніну і пілі кумыс. А цяпер усё наадварот. Ежа беднякоў стала далікатэсам, які не ў кожнага ёсць на стале.

Алесь Карлюкевіч адзначыў, што шмат сумесных праграм у Беларусі і Казахстана ўжо ёсць. А ўдзел абедзвюх краін у Мытным саюзе будзе схіляць да іх развіцця і стварэння новых агульных праектаў, у тым ліку культурных.

Ніна Шчарбачэвіч
Звязда, 1 лістапада 2013
 
Дата публикации:01.11.2013
Тематика:Культура, ЕАЭС
Просмотров:1219
 
Ключевые слова:
Беларусь-Казахстан Адольф Янушкевіч Мытны саюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме