https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Небяспечныя сляды "вялікай хіміі"


Стойкія арганічныя забруджвальнікі могуць быць прычынай захворванняў скуры, парушэнняў функцыянавання імуннай, рэпрадукцыйнай, гарманальнай і нервовай сістэм, спрыяць развіццю дыябету, выклікаць змяншэнне перыяду лактацыі ў кормячых маці і адставанне ў разумовым развіцці дзяцей.
Шэраг арганічных спалучэнняў мае надзвычай высокую таксічнасць, можа заставацца ў навакольным асяроддзі вельмі працяглы час і да таго ж назапашвацца ў тлушчавых тканках жывёл і чалавека. Прычым з-за здольнасці перасоўвацца на значныя адлегласці з паветрам, вадой і жывымі арганізмамі стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ) патрапілі ці не ва ўсе куткі планеты.

Паколькі стойкія арганічныя забруджвальнікі назапашваюцца ў тканках, якія ўтрымліваюць у вялікай колькасці тлушчы, вельмі пажадана абмежаваць спажыванне тлустых прадуктаў, таго ж сала, тлустага мяса і рыбы. Апроч таго, медыкі не раяць піць ваду з адкрытых вадаёмаў, паліць плёнку і пластыкавыя бутэлькі, а таксама рэкамендуюць вельмі пільна ставіцца да прапановы набыць "з рук" сродкі абароны раслін ці сродкі абароны ад насякомых.

На думку спецыялістаў, адной з галоўных пагроз чалавецтву застаюцца стойкія арганічныя забруджвальнікі


Рэзкае павелічэнне аб`ёмаў вытворчасці і агульнае павышэнне ўзроўню жыцця — аспрэчваць станоўчыя вынікі прамысловага і сельскагаспадарчага прарыву мінулага стагоддзя нібыта не выпадае. Аднак адваротны бок ёсць не толькі ў месяца і бутэрброда. Бо не сакрэт: інтэнсіўнае развіццё гаспадаркі абвастрыла праблему шкодных для прыроды і чалавека хімічных рэчываў. Прычым асаблівае месца сярод іх займаюць так званыя стойкія арганічныя забруджвальнікі — на думку навукоўцаў, яны ўяўляюць не меншую небяспеку, чым парніковыя газы і сумнавядомае глабальнае пацяпленне.

"Брудны тузін". І не толькі

Хімічныя спалучэнні і сумесі атрымалі шырокае выкарыстанне яшчэ з 1920-30 гадоў, прычым з даволі высакароднай мэтай — мець больш танную і больш разнастайную прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю. Пра небяспеку загаварылі значна пазней — у часы в`етнамскай вайны. А ў 1970-х даследаванні толькі пацвердзілі, што шэраг арганічных спалучэнняў мае надзвычай высокую таксічнасць, можа заставацца ў навакольным асяроддзі вельмі працяглы час і да таго ж назапашвацца ў тлушчавых тканках жывёл і чалавека. Прычым з-за здольнасці перасоўвацца на значныя адлегласці з паветрам, вадой і жывымі арганізмамі стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ) патрапілі ці не ва ўсе куткі планеты. І, такім чынам, пра іх загаварылі як пра сапраўды сусветную праблему.

Пры гэтым усведамленне пагрозы прынесла канкрэтны вынік. У маі 2001 года ў шведскім Стакгольме прадстаўнікамі некалькіх краін была падпісана спецыяльная Канвенцыя аб стойкіх арганічных забруджвальніках, якая пачала дзейнічаць з 17 мая 2004 года. Стакгольмская канвенцыя паклала пачатак сусветнай забароне на вытворчасць, гандаль, выкарыстанне і захоўванне найбольш небяспечных стойкіх арганічных забруджвальнікаў і адначасова вызначыла пералік самых шкодных хімічных рэчываў. Першапачаткова ў гэтым спісе аказалася 12 пазіцый, прычым яны дзеляцца на тры групы.

У прыватнасці, у першую групу патрапілі 9 хлораарганічных пестыцыдаў — таксафен, альдрын, дыэльдрын, эндрын, мірэкс, ДДТ (дуст), хлордан, гептахлор, гексахлорбензол. Варта заўважыць, што вытворчасць і выкарыстанне большасці гэтых рэчываў ўжо даўно забароненая, аднак у сувязі з шырокім распаўсюджваннем у сельскай гаспадарцы пестыцыдаў у мінулым, ва ўсім свеце засталіся іх значныя нявыкарыстаныя запасы і забруджаныя імі ж глебы. Прычым гэта праблема датычыцца і Беларусі. Апроч таго, застаецца дагэтуль актуальнай тэма таго ж дусту — з яго дапамогай і па сёння шэраг краін Афрыкі, Азіі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі спрабуюць змагацца з пераносчыкамі такіх захворванняў, як малярыя ці клешчавы энцэфаліт.

У другую групу стойкіх арганічных забруджвальнікаў увайшлі поліхларыраваныя біфенілы — ПХБ. З улікам устойлівасці ў прыродзе, высокай таксічнасці і здольнасці да назапашвання ў арганізме іх вытворчасць таксама была забаронена спецыяльным рашэннем ААН, і тым не менш, факт застаецца фактам: ПХБ дагэтуль прысутнічаюць у тэхнічных прыстасаваннях, галоўным чынам у трансфарматарах і кандэнсатарах, іншых матэрыялах і абсталяванні. Нарэшце, трэцюю групу складаюць дыяксіны і фураны. У "чыстым" выглядзе гэтыя хімічныя рэчывы нікім не вырабляюцца. Аднак яны ўтвараюцца падчас многіх вытворчых працэсаў з удзелам хлору — напрыклад, у цэлюлозна-папяровай, металургічнай і хімічнай прамысловасці. І, да слова, дыяксіны і фураны не без падстаў лічацца "суперэкатаксікантамі" — па моцы свайго ўздзеяння яны пераўзыходзяць такія яды, як стрыхнін і курарэ.

Між тым першапачатковы спіс з 12 найбольш шкодных хімічных рэчываў ужо павялічыўся. Так, на чацвёртай нарадзе Канферэнцыі Бакоў Стакгольмскай канвенцыі да іх былі аднесены з выключэннямі хлордэкон, гексабромдыфеніл, пентахлорбензол, лідан, альфа-гексахлорцыклагексан, бета-гексахлорцыклагексан, тэтрабромдыфенілавы эфір і пентабромдыфенілавы эфір (камерцыйны пентабромдыфенілавы эфір), гексахлордыфенілавы эфір і гептабромдыфенілавы эфір (камерцыйны актабромдыфенілавы эфір), перфтарактанавая сульфонавая кіслата, яе солі і перфтарактанавыя сульфанілфтарыды. Прычым было вырашана ўключыць хлордэкон, гексабромдыфеніл, альфа-гексахлорцыклагексан, бета-гексахлорцыклагексан у забаронены пералік А, а пентахлорбензол — у пералік С. У тым жа пераліку А апынуўся і лідан, праўда, з агаворкай — працягваць яго выкарыстанне дазволена ў фармацэўтычных мэтах. Нарэшце, у пералікі Канвенцыі таксама ўвайшлі пентабромдыфенілавы эфір і актабромдыфенілавы эфір — з дазволам перапрацоўкі і экспарту тавараў, якія ўтрымліваюць гэтыя рэчывы, да 2030 года.

Плюс недзіцячыя праблемы немаўлят...


Рэальную пагрозу чалавеку ўяўляюць нават малыя дозы стойкіх арганічных забруджвальнікаў — з-за генатаксічнага, імунатаксічнага і канцэрагеннага эфектаў. Да таго ж з цягам часу выніковая канцэнтрацыя САЗ у тканках чалавека і жывёл не змяншаецца, а наадварот, узрастае. Стойкія арганічныя забруджвальнікі валодаюць здольнасцю захоўвацца ў навакольным асяроддзі дзесяцігоддзямі. І дзесяцігоддзямі трапляць у арганізм чалавека з мясам, рыбай, яйкамі і малочнымі прадуктамі, а пры знаходжанні блізу крыніц САЗ — і з паветрам. Даследаванні сведчаць, што стойкія арганічныя забруджвальнікі могуць быць прычынай захворванняў скуры, парушэнняў функцыянавання імуннай, рэпрадукцыйнай, гарманальнай і нервовай сістэм, спрыяць развіццю дыябету, выклікаць змяншэнне перыяду лактацыі ў кормячых маці і адставанне ў разумовым развіцці дзяцей.

— Пакуль няма канчатковага пацверджання, што тыя ж дыяксіны становяцца прычынай анкалагічных захворванняў, вывучэнне гэтага пытання — справа будучыні, — распавядае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Засценская. — Аднак навука дакладна ведае іншае: дыяксіны наносяць моцны ўдар па імуннай і эндакрыннай сістэмах, гэтыя рэчывы выклікаюць захворванні печані і хлоракнэ — практычна невылечныя вугры на твары. Апроч таго, наступствамі канцэнтрацыі дыяксінаў становяцца нейрапаводзінавыя змяненні і змяненні функцыі шчытападобнай залозы, другасная імунная недастатковасць у немаўлят, якія харчаваліся забруджаным малаком маці, адставанне ў фізічным і разумовым развіцці дзяцей, ганадатаксічны і мутагенны эфект — не сакрэт, што ў вайскоўцаў ЗША, якія ваявалі ў В`етнаме, затым часцяком з`яўляліся дзеці з яскарава выражанымі выродлівасцямі.

Не меншыя праблемы са здароўем выклікаюць пестыцыды. Нягледзячы на тое, што выкарыстанне пестыцыдаў з утрыманнем САЗ у сельскай гаспадарцы даўно забаронена, іх рэшткі і сёння застаюцца ў садавіне і агародніне. І ў тым ліку ў яблыках, грушах, моркве і апельсінах, якія звычайна становяцца асноўнай сыравінай для вытворчасці прадуктаў дзіцячага харчавання. Пры гэтым асаблівую небяспеку па-ранейшаму ўяўляе ДДТ. Пад уздзеяннем дусту могуць развівацца гарманальныя змены, паражэнні нырак, цэнтральнай і перыферычнай нервовых сістэм, цыроз печані, хранічны гепатыт, анкалагічныя захворванні — ДДТ не без падстаў адносіцца да групы высокай канцэрагеннай рызыкі.

У сваю чаргу галоўная небяспека ці не найбольш распаўсюджаных стойкіх арганічных забруджвальнікаў — поліхларыраваных біфенілаў — заключаецца ў рызыцы парокаў развіцця ў дзяцей, замаруджванні іх інтэлектуальнага развіцця, уплыве на эндакрынную сістэму, змяненні сэксуальных паводзінаў.

— Праведзеныя ў Беларусі даследаванні назапашвання хлорарганічных пестыцыдаў у арганізме чалавека не засведчылі перавышэнне дапушчальных міжнароднымі стандартамі доз, і ў тым ліку ў цэлым адхіленні ад нормы не былі адзначаныя сярод цяжарных жанчын і кормячых маці, — кажа Ірына Засценская. — Высветлілася, што агульная сітуацыя з уздзеяннем хлорарганічных пестыцыдаў не з`яўляецца крытычнай. Аднак назваць яе цалкам спрыяльнай таксама нельга. Даследаванні паказалі, што ва ўсіх пробах малака кормячых маці прысутнічае ДДТ у выглядзе больш устойлівага метабаліта ДДЕ, а таксама гексахлорцыклагексан. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў іх сутачныя нагрузкі на арганізм дзіцяці перавышалі дапушчальныя ўзроўні. А адсюль напрошваецца выснова — праблема стойкіх арганічных забруджвальнікаў для нашай краіны застаецца вострай.

Што змяншае рызыку?


Бяспека — справа не ў апошнюю чаргу асабістая. І ў сувязі з гэтым медыкі раяць заўсёды прытрымлівацца некалькіх нескладаных правілаў. Паколькі стойкія арганічныя забруджвальнікі назапашваюцца ў тканках, якія ўтрымліваюць у вялікай колькасці тлушчы, вельмі пажадана абмежаваць спажыванне тлустых прадуктаў, таго ж сала, тлустага мяса і рыбы. Прычым перш-наперш гэта датычыцца цяжарных жанчын і кормячых маці.

Другая парада — ніколі не піць ваду з адкрытых вадаёмаў і не спажываць рыбу з вадаёмаў, якія знаходзяцца блізу звалак, месцаў пахаванняў пестыцыдаў, прамысловых прадпрыемстваў. Па-трэцяе, не варта захоўваць ваду і прадукты харчавання ў тары, у якой раней знаходзіліся хімічныя рэчывы — як правіла, такая тара пафарбавана ў чырвоны, жоўты ці аранжавы колер або, як варыянт, мае палоскі гэтых жа колераў. У чацвёртых, неабходна вельмі пільна ставіцца да прапановы набыць невядомыя сродкі абароны раслін ці сродкі абароны ад насякомых, асабліва калі гаворка ідзе аб продажы "з рук". Забароненыя амаль тры дзесяцігоддзі таму пестыцыды дагэтуль захоўваюцца на складах сельгаспрадпрыемстваў і ў прыватных гаспадарках — не выключана, што вам будуць прапанаваныя менавіта яны. І такі важны нюанс. Вядома, што дыяксіны і фураны ўтвараюцца пры спальванні, і ў тым ліку пры спальванні палімерных матэрыялаў. Таму паліць плёнку ці пластыкавыя бутэлькі нельга. А тым больш нельга выкарыстоўваць пад угнаенні попел, які атрымліваецца пры спальванні палімераў ці драўніны, што была апрацаваная хімічнымі рэчывамі.

Аднак толькі мераў асабістай перасцярогі яшчэ не дастаткова. Ці не кожнаму зразумела, што перш-наперш праблема САЗ павінна вырашацца на дзяржаўным узроўні. І ў гэтым плане робіцца сапраўды шмат — у Беларусі наладжаны строгі кантроль за забруджваннем прадуктаў харчавання і харчовай сыравіны, пітной вады, вадаёмаў і глебы.

Прычым апошнім часам патрабаванні да ўтрымання хлорарганічных пестыцыдаў, і ў першую чаргу ў прадуктах харчавання, сталі больш жорсткімі — сёння тут дзейнічаюць падыходы Еўрасаюза. А падыходы да нармавання дыяксінаў па сутнасці адпавядаюць рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. І ў гэтым выпадку асаблівая ўвага надаецца прадуктам, якія патэнцыйна могуць утрымліваць САЗ, — мясу, малаку і малочным прадуктам.

— Ёсць усе падставы сцвярджаць, што па пестыцыдах і дыяксінах кантралююцца ўсе патэнцыйна небяспечныя прадукты, — падкрэслівае Ірына Засценская. — Тое ж можна казаць і ў дачыненні да поліхларыраваных біфенілаў — іх ўтрыманне адсочваецца ў айчыннай і імпартнай рыбе, рыбных кансервах. Аднак тут усё ж існуюць некаторыя праблемы, над якімі вядзецца работа. Напрыклад, ёсць дыяксінападобныя ПХБ, якія ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана пакуль не ўвайшлі ў разрад дыяксінаў. У ЕС падыход цяпер іншы — дыяксінападобныя ПХБ прыраўноўваюцца да дыяксінаў. І падобны пункт гледжання трэба прыняць і нам — таму гэта пытанне будзе выносіцца на разгляд рабочай групы па гарманізацыі санітарных патрабаванняў у рамках Мытнага саюза.

Плюс да таго заслугоўвае ўвагі тэма поліхларыраваных біфенілаў, дыяксінавы эфект якіх не даказаны. Сёння наяўнасць такіх ПХБ кантралюецца толькі па рыбе. Аднак, падкрэслівае Ірына Засценская, па-першае, кантроль неабходна распаўсюдзіць і на іншыя прадукты — у прыватнасці, з мяса і малака. А, па-другое, трэба выходзіць на адзінае нармаванне ПХБ у рамках Мытнага саюза — чакаецца, што афіцыйныя прапановы на гэты конт будуць вынесеныя на разгляд рабочай групы Саюза ўжо да канца гэтага бягучага года.

Між тым больш жорсткае стаўленне да стойкіх арганічных забруджвальнікаў зусім не выпадковае. Паводле ўказа кіраўніка дзяржавы ад 26 снежня 2006 года Беларусь далучылася да Стакгольмскай канвенцыі. Як вынік, у нашай краіне быў распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў па выкананні абавязацельстваў аб САЗ на 2007—2010 гады і надалей — да 2028 года. Пры гэтым было вызначана, што каардынатарам дзеянняў па выкананні Нацыянальнага плана стане Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

— Першачарговымі задачамі Нацыянальнага плана вызначана ўдасканаленне нашага заканадаўства ў галіне абарачэння стойкіх арганічных забруджвальнікаў, экалагічна бяспечнае захоўванне і абясшкоджванне адходаў з утрыманнем САЗ, выяўленне і ачыстка ад САЗ тэрыторый, маніторынг навакольнага асяроддзя і стану здароўя насельніцтва ў сувязі з уздзеяннем САЗ, скарачэнне і спыненне выкідаў асабліва шкодных хімічных рэчываў, удасканаленне сістэмы іх уліку, абмен інфармацыяй з сакратарыятам і бакамі Стакгольмскай канвенцыі, інфармаванне грамадскасці па пытаннях у гэтай сферы, — падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення абыходжання з адходамі — начальнік аддзела рэгулявання Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава. — Так, усе пералічаныя мэты няпростыя — дастаткова сказаць, што для скарачэння тых жа выкідаў спатрэбіцца аснашчэнне прадпрыемстваў ачышчальным абсталяваннем, значныя сродкі пойдуць і на абясшкоджванне адходаў. Тым не менш, рабіць гэта трэба. Бо ў рэшце рэшт ідзе гаворка пра здароўе не толькі цяперашняга, але і наступных пакаленняў.

Звязда
Сяргей ГРЫБ, Віктар Пазнякоў. 
 
Дата публикации:28.08.2010
Тематика:Бизнес, ЕАЭС
Просмотров:3968
 
Ключевые слова:
Стокгольмская конвенция Органические яды Экология
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме