https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску 22 тысячы першакласнікаў сядуць за парты ў верасні


Другога верасня па ўсёй краіне свае дзверы для дзяцей гасцінна расчыніць школы.
У Мінску ўстановы адукацыі прымуць адных толькі першакласнікаў 22 тысячы! У Мінскай вобласці сустрэнуць нашых юных грамадзян 1024 установы адукацыі. Навучальны працэс пачнецца ў 24 каледжах і 30 установах спецыяльнай адукацыі. Падвозіць каля 12 800 дзетак у школы гатовы 321 школьны аўтобус. Дарэчы, аўтапарк школьнай тэхнікі Міншчыны абноўлены, у яго складзе з’явілася 22 новыя адзінкі. Дзевяць аўтобусаў — з пад’ёмнікамі для дзяцей-інвалідаў. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў рэгіёне запланавана звыш BYN113 млн.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Юрый Ларычаў запэўніў, што працэс падрыхтоўкі ўстаноў дашкольнай і сярэдняй адукацыі да пачатку новага навучальнага года ажыццяўляецца ў планавым рэжыме.

«Але хачу пачаць з добрых навін: у першы навучальны дзень свае дзверы ў краіну ведаў адчыніць для дзяцей новая сярэдняя школа № 15 на 930 месцаў у Салігорску. А ў вёсцы Копішча прыватным інвестарам, які ажыццяўляе жылую забудову ў Мінскім раёне, пабудавана новая школа на 1120 месцаў. Увесну гэтыя ж спонсары ўвялі ў строй дзіцячы садок. Будаўніцтва важных сацыяльных аб’ектаў у Мінскай вобласці працягнецца. Сёння ў г. п. Смілавічы і Лагойску ўзводзяцца дзіцячыя садкі, за кошт сродкаў Мінгарвыканкама будуюцца дзіцячы садок і школа ў Бараўлянах.

Што датычыцца падрыхтоўкі да новага навучальнага года, то яна вядзецца паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 141 ад 4 сакавіка 2024 года, згодна з якой да 10 красавіка ва ўсіх рай- і гарвыканкамах былі створаны камісіі — іх старшынямі прызначаны намеснікі старшыняў выканкамаў па сацыяльнай сферы. У склад камісій увайшлі прадстаўнікі наглядных органаў — МНС, МУС, санітарных і іншых службаў, якія адказваюць за падрыхтоўку ўстаноў да навучальнага года. Абследаванні аб’ектаў былі праведзены да 20 красавіка; складзены акты, у якія былі ўключаны пункты для абавязковага выканання», — расказаў Юрый Іванавіч.

Ён таксама праінфармаваў аб тым, што камісіі выявілі больш за 1,7 тысячы заўваг і парушэнняў, 90% з іх ужо ліквідавана. Праз тыдзень камісіі паўторна наведаюць установы адукацыі з праверкай, каб упэўніцца, што заўвагі і парушэнні ліквідаваны і да 20 жніўня ўсе аб’екты атрымалі пашпарты гатоўнасці.

— Такіх аб’ектаў у нас 503, практычна ўсе агульнаадукацыйныя школы. Толькі адна ўстанова адукацыі — Прывольненская СШ Мінскага раёна — пашпарта не атрымае па аб’ектыўных прычынах: там будзе весціся капрамонт да снежня 2024-га. Яе вучняў часова прымуць дзве найбліжэйшыя школы, куды будзе арганізаваны падвоз, — адзначыў Юрый Ларычаў.

Новая школа ў мікрараёне Лебядзіны і дзіцячы садок у Фрунзенскім раёне адкрыюцца ў Мінску да пачатку навучальнага года. Расказвае намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова.

— Новая ўстанова адукацыі можа прыняць 1020 школьнікаў, дзіцячы садок — 190 дашкалят, — прывяла лічбы Вольга Яўгенаўна. — Актыўнымі тэмпамі вядуцца і рамонтныя работы. Прычым закранаюць яны не толькі класныя памяшканні, калідоры, але і спартыўныя стадыёны, харчаблокі і іншыя. Падрыхтоўка да пачатку навучальнага года ідзе ва ўсіх школах і гімназіях. Асаблівая ўвага — стварэнню бяспечных, камфортных умоў. Дзень ведаў — свята для ўсіх: і для дзяцей, і для педагогаў, і для бацькоў. Святочны настрой ствараюць абноўленыя кабінеты, цікавыя зоны рэкрэацыі. Работы працягваюцца ў планавым рэжыме і да належнага тэрміну завершацца. Такім чынам, нашы школы 2 верасня з задавальненнем прымуць больш чым 22 тысячы першакласнікаў, для якіх адкрыюцца 859 класаў, будуць сфармаваны 512 дзясятых класаў, 62% з якіх будуць профільнымі.

Вольга Смірнова таксама адзначыла, што большасць профільных класаў маюць прафесійную накіраванасць. Па пяці кірунках установы адукацыі працавалі ўжо ў мінулым годзе. Сёлета іх будзе шэсць: педагагічны, спартыўна-педагагічны, ваенна-патрыятычны, аграрны, інжынерны і новы — медыцынскай накіраванасці.

Аўтар: Алена Вінаградава
Звязда, 5 жніўня 2024
 
Дата публикации:05.08.2024
Тематика:Новости, Образование в Беларуси
Просмотров:129
 
Ключевые слова:
Учебный год Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме