https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Група бацькоў стварыла новы відэафармат адукацыі па-беларуску для дашкольнікаў


У Менску паўстала бацькоўская ініцыятыва пад назвай ViR-ViR, закліканая паспрыяць працэсу беларусізацыі дашкольных устаноў.
Актывісты лічаць, што посьпех справы залежыць ня столькі ад Мінадукацыі, колькі ад канкрэтных выхавацеляў.

Каманда аднадумцаў замест адукацыйных ведамстваў

На пачатку 2019 году ў рамках праекту «Вялікая місія маленькай Ядзьвігі» бацькі менскіх дашкольнікаў ініцыявалі краўдфандынгавую кампанію дзеля падтрымкі беларускай мовы ў дзіцячых садках. Галоўнай ідэяй было павялічыць інтэграваныя групы ў садках, дзе ня менш за 50% адукацыйнага працэсу і камунікацыі будзе адбывацца па-беларуску.

Аднак у працэсе рэалізацыі сваіх задумаў ініцыятары сутыкнуліся з істотнай праблемай — выхавацелям не хапае сучасных адукацыйных матэрыялаў. І гэта адна з прычын, чаму яны не адважваюцца перайсьці на беларускую мову навучаньня.



Запаўняючы гэты прабел, каманда бацькоў-энтузіястаў пад кіраўніцтвам Яўгена Бойкі пачала ствараць 50 відэападказак для пэдагогаў і выхаванцаў. Гэта першы блёк адукацыйных матэрыялаў ад праекту ViR-ViR — так назваліся пасьля далучэньня новых паплечнікаў. Яны перакананыя, што ўдасканалены фармат зносінаў зробіць працу больш зручнай: дзеці хутчэй зразумеюць правілы гульні і з ахвотай далучацца да беларускай мовы.

Да беларускай мовы празь відэадапаможнікі

«Мы размаўлялі з выхавальнікамі і пачулі галоўную прычыну, чаму не адкрываюцца беларускія групкі, — тлумачыць лідэр каманды ViR-ViR Яўген Бойка. — Сыстэма адукацыі складаецца зь людзей і апошняе рашэньне — ці зьявіцца беларускамоўная група ў садочку, раёне, горадзе — залежыць ад выхавальніка. Спэцыяліст індывідуальна прымае рашэньне: так, я гатовы працаваць па-беларуску. І неўзабаве зьявіцца новая беларускамоўная групка. А не бяруцца, бо не хапае гатовага ці лёгкадасяжнага адукацыйнага матэрыялу».

Паводле Яўгена Бойкі, цяперашняя дзейнасьць ягоных аднадумцаў накіраваная на тое, каб запоўніць адукацыйны вакуўм, стварыць спрыяльныя ўмовы для тых, хто гатовы працаваць зь дзеткамі па-беларуску.

«Выхавальнікі, якія ўжо сёньня працуюць у садках па-беларуску, вартыя ўсенароднай пашаны, — лічыць суразмоўца. — Мала таго, што робяць усю працу паводле непасрэдных абавязкаў, дык яшчэ перакладаюць на беларускую мову ўсё, што неабходна для адукацыйнай праграмы. Таму ўсё залежыць ад іх — ні ад міністэрства, ні ад кіраўнікоў раённых адміністрацый, ні ад аддзелаў адукацыі. Ад выхавальніка, і яшчэ крыху — загадчыка садка».

Яўген Бойка кажа, што яшчэ зімой прыйшло разуменьне: патрабаваньні, пэтыцыі, змаганьні, суды — ня той шлях. Таму і пачалі шукаць спосабы, каб посьпех залежаў толькі ад якасьці каманднай дзейнасьці: колькі будзе створана адукацыйнага матэрыялу, на столькі ж пашырыцца беларуская мова і культура ў дзіцячым калектыве.

«Відэаінструкцыі — гэта больш эфэктыўны фармат, чым тая ж дапаможная літаратура. Як вядома, у садках значны час займаюць групавыя гульні, адпаведна, можна хутка і зручна патлумачыць дзеткам заданьне. Значыць, мы дапамагаем пэдагогам ня толькі матэрыялам, а і эканомім іх час. Таму відэападказкамі будуць карыстацца ўсе выхавальнікі, незалежна ад мовы навучаньня», — мяркуе суразмоўца.

Бацькоўскія чаты на карысьць беларусізацыі

Новыя тэхналёгіі спрыяюць таму, што да навучальнага працэсу амаль круглыя суткі далучаныя бацькі — чаты ў мэсэнджарах дазваляюць ім быць у курсе спраў сваіх дзетак.



«Сёньня ўсе бацькі аб`яднаныя ў чаты. Напрыклад, выхавацелька піша: мы засвоілі гульню, папрактыкуйцеся дома. І дасылае відэа. Паглядзеўшы матэрыял, дарослыя таксама могуць пагуляць са сваімі дзецьмі, заадно пабачыць, што беларуская мова і культура — гэта сучасна, жыва, радасна. І яшчэ адзін натуральны спосаб для беларусізацыі», — падсумоўвае Яўген Бойка.

Каб працэс не перарываўся, ініцыятары новага фармату дашкольнай адукацыі распачалі кампанію падтрымкі свайго праекту ViR-ViR на плятформе molamola.

Грашовыя сродкі неабходныя дзеля таго, каб арандаваць частку абсталяваньня; кампэнсаваць экспэртам падбор і правядзеньне гульняў; аплаціць апэратарскую працу, а таксама мантаж і анімацыю.

Ігар Карней
Радыё Свабода, 15 чэрвеня 2019
 
Дата публикации:15.06.2019
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:577
 
Ключевые слова:
Интернет Беларуская мова Дошкольное образование ViR-ViR
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме