Як паведамілі ў прэс-службе БДУ, на баль запрошаныя прыкладна 600 чалавек. Выпускнікоў павіншуе рэктар БДУ, акадэмік Сяргей Абламейка, прарэктары і дэканы. Самым дастойным рэктар уручыць ганаровыя дыпломы і памятныя падарункі за асаблівыя заслугі ў спартыўным, навуковым, культурным і грамадскім жыцці ўніверсітэта. У ліку ўзнагароджаных будуць 20 уладальнікаў звання "Зорка факультэта". Асаблівыя віншаванні прагучаць і ў адрас 20 юнакоў і дзяўчат, якія прызнаныя "Лепшымі выпускнікамі БДУ". Урачыстая частка прадоўжыцца традыцыйнай клятвай выпускнікоў БДУ.
Затым пройдзе канцэртная праграма. Выпускнікоў павіншуюць вядомыя артысты беларускай эстрады і творчыя калектывы БДУ.
Сёлета дыплом БДУ атрымаюць звыш 4 тыс. маладых людзей, з іх больш як 3 тысячы закончылі дзённае аддзяленне і 1,3 тыс. — завочнае.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2011