https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Універсітэт трэцяга ўзросту з`явіцца ў Мінску


Аб гэтым паведаміла кіраўнік праекта Таццяна Баленда.
Першы факультэт інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пачне работу ў красавіку, будзе арганізавана павышэнне камп`ютарнай дасведчанасці пажылых людзей. Заняткі плануецца праводзіць у некалькіх раёнах горада. Цяпер універсітэт шукае валанцёраў-выкладчыкаў, памочнікаў у арганізацыйных пытаннях, вядучых асобных сустрэч і семінараў. Імі могуць стаць педагогі, сацыяльныя работнікі, студэнты сталічных ВНУ.

Таксама будуць створаны ўмовы для атрымання мінчанамі ва ўзросце больш за 55 гадоў ведаў па замежных мовах, псіхалогіі і сацыяльнай рабоце. Гэтыя напрамкі былі выбраны па выніках праведзенага даследавання, а самым запатрабаваным, як чакаецца, стане навучанне камп`ютарным тэхналогіям.

Паводле слоў Таццяны Баленда, Мінскі гарадскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту павінен стаць пляцоўкай пастаяннага дыялогу пакаленняў. Падрыхтаваны дапаможнікі па прадметах, спачатку будуць набірацца групы слухачоў курсаў камп`ютарнай адукацыі. Затым пачне працаваць лінгвістычны факультэт і факультэт сацыяльнай работы і псіхалогіі.

Выканаўцам праекта выступае грамадскае аб`яднанне "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў", фінансавую падтрымку аказвае фонд "Памяць, адказнасць, будучае" (Германія) і міжнароднае грамадскае аб`яднанне "Узаемаразуменне". Мэта праекта - садзейнічанне павышэнню сацыяльнага статусу і актыўнасці пажылых людзей з выкарыстаннем лепшага замежнага вопыту, кадравага патэнцыялу ў супрацоўніцтве з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, ВНУ і школамі Мінска. Прадугледжаны выпуск электронных бюлетэняў для пажылых людзей і спецыялістаў сацыяльнай сферы, арганізацыя конкурсаў, капуснікаў, вечарын адпачынку, ток-шоу, экскурсій і скайп-канферэнцый. Слухачы атрымаюць доступ да электроннага фонду аўдыякніг, які налічвае 1 тыс. кніг.

У пачатку кожнага навучальнага года плануецца праводзіць канферэнцыі па тэхналогіі адкрытай прасторы з удзелам спецыялістаў сацыяльнай сферы, студэнтаў сталічных ВНУ і пажылых людзей для ўзгаднення дзейнасці УТУ, фарміравання клубаў, гурткоў і ініцыятыўных груп, а таксама планавання іншых мерапрыемстваў на аснове інтарэсаў і патрэбнасцей слухачоў. Акрамя таго, будуць арганізаваны наведванні маламабільных пажылых мінчан па праграме "Званая вячэра".

22 сакавіка 2013, Мінск
Надзея Радзівон - БЕЛТА
 
Дата публикации:22.03.2013
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:2043
 
Ключевые слова:
Компьютерная грамотность Информационные технологии
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме