https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Харчаванне ў школах павінна быць смачным і здаровым


Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка падчас нарады па пытаннях арганізацыі харчавання навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
"У большасці развітых краін пытанне забеспячэння школьнікаў і дашкольнікаў якасным харчаваннем прыраўнавана да пытанняў нацыянальнай бяспекі. Відавочна ўзаемасувязь рацыёну харчавання падлеткаў з іх станам здароўя. На жаль, нашых дзяцей таксама закранулі негатыўныя з`явы, звязаныя з ростам спажывання хлебабулачных вырабаў, чыпсаў, прысмакаў, салодкіх газіраваных напіткаў, недахоп мікра- і макранутрыентаў, высокае спажыванне цукру, солі і трансжыраў. Думаю, што гэту праблему трэба разгледзець на ўзроўні ўрада", - сказаў Раман Галоўчанка.

У пачатку 2022 года актуалізаваны натуральныя нормы харчавання. У тым ліку яны зменшаны па цукры, солі, кандытарскіх вырабах. Затое ў рацыёне стала больш агародніны і садавіны.

"У той жа час застаецца шмат пытанняў як да якасці школьнага харчавання, так і да яго арганізацыі. Кантралюючыя органы прадаўжаюць выяўляць факты недаўкладанняў, недаважванняў, парушэнняў у тэхналогіі прыгатавання страў, выкарыстання неадпаведных прадуктаў. Навучэнцам нярэдка прапануюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы. Дзеці іх проста не ядуць. Адсюль і вялікая колькасць адходаў пасля школьных снеданняў і абедаў. А харчаванне ж прадастаўляецца 1,1 млн дзяцей", - звярнуў увагу прэм`ер-міністр.

Для вырашэння гэтых пытанняў Мінадукацыі прапануе шэраг мер. "Трэба абмеркаваць, наколькі ўсебакова яны прапрацаваны, ці ўсё ўлічваецца. Пакуль, наколькі я бачу, яны маюць у асноўным арганізацыйна-фінансавы характар. Меры павінны быць такімі, каб зрабіць харчаванне ў школах, гімназіях, дашкольных установах сапраўды смачным, здаровым, разнастайным і ўлічваць пажаданні дзяцей", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

"Дзе адукацыйныя праграмы па прапагандзе здаровага харчавання і фарміраванні правільных харчовых паводзін? Чаму слаба выкарыстоўваюцца распрацоўкі і рэкамендацыі НПЦ па харчаванні НАН Беларусі" - задаў пытанне Раман Галоўчанка.

"Прапанаваныя змяненні ў арганізацыі школьнага харчавання павінны істотна павысіць эфектыўнасць кіравання ў гэтай сферы і папярэдзіць любыя спробы парушэнняў", - рэзюмаваў прэм`ер-міністр.

1 лістапада 2022, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:01.11.2022
Тематика:Бизнес, Образование в Беларуси
Просмотров:670
 
Ключевые слова:
Школьное питание Диетология Национальная безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме