https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Клас прафарыентацыі адкрыўся ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў


Клас прафесійнай арыентацыі адкрыўся 14 кастрычніка ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў (РРЦДІ) у Мінску.
Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускага саюза жанчын Мар`яна Шчоткіна перадала сімвалічны ключ ад класа дзецям, якія праходзяць курс рэабілітацыі ў РРЦДІ.

Яна акцэнтавала ўвагу, што авалодванне прафесійнымі навыкамі вельмі важна і для дзяцей, і для маці, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйным цэнтры разам з імі. Тут іх будуць вучыць рабоце са скурай, шавецкай справе, вырабу мяккіх цацак і керамікі.

"Магчыма, для кагосьці з дзяцей і бацькоў гэта стане першым крокам да рамеснай дзейнасці, індывідуальнага прадпрымальніцтва", - дадала Мар`яна Шчоткіна.

Майстар-класы ў цэнтры будуць праводзіць вядомыя сваім майстэрствам беларускія спецыялісты. Дарэчы, першыя вырабы - бірулькі, кашалькі са скуры - юнакі і дзяўчаты ўжо змайстравалі і падарылі сваім маці ў Дзень маці.

Мар`яна Шчоткіна падкрэсліла, што сістэма мер падтрымкі сем`яў з дзецьмі-інвалідамі ў Беларусі будзе ўзмоцнена. Адна з важных навацый новай рэдакцыі праекта закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем`ям, якія выхоўваюць дзяцей" у тым, што бацькам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда, плануецца прадаставіць права працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці (не больш як 0,5 стаўкі) або дома - з захаваннем дапамогі па доглядзе.

"Актыўна абмяркоўваецца і пашырэнне самазанятасці", - адзначыла яна і запрасіла прысутных на цырымоніі накіроўваць свае прапановы па гэтым пытанні ў Савет Рэспублікі. Ідэя аб арганізацыі класа прафарыентацыі нарадзілася год таму. Яна рэалізавана дзякуючы падтрымцы клубаў Ротары "Мінск" і "Фларэнцыя Чэртоза", бізнес-партнёраў.

Як паведаміла дырэктар РРЦДІ Людміла Кандрашова, на абсталяванне класа накіравана амаль 10 тыс. еўра. Яна лічыць, што напрамак сацыялізацыі дзяцей-інвалідаў трэба развіваць і ў далейшым, у тым ліку па міжнародных праектах.

Адкрыццё - адно з мерапрыемстваў акцыі грамадскага аб`яднання "Беларусі саюз жанчын" пад назвай "Зазірніце ў матуліны вочы", мэта якой - аказанне дапамогі і падтрымкі маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

У цырымоніі прынялі ўдзел актывісткі БСЖ, а таксама першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч, прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, міжнародных і грамадскіх арганізацый.

Яны азнаёміліся з дзейнасцю цэнтра, паразмаўлялі з дзецьмі і калектывам цэнтра. Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай - юнакі і дзяўчаты, якія праходзяць курс рэабілітацыі ў РРЦДІ, выступілі перад гасцямі і сваімі маці.

ДУ "Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў" уваходзіць у сістэму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пабудавана па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" (афіцыйнае адкрыццё адбылося ў лістападзе 2000 года).

Цэнтр спраектаваны па аналагах еўрапейскіх рэабілітацыйных устаноў. У ім праводзіцца рэабілітацыя па індывідуальных праграмах дзяцей-інвалідаў ад 3 да 18 гадоў з захворваннямі нервовай і касцёва-мышачнай сістэмы, вынікам якіх з`яўляецца парушэнне функцый апорна-рухальнага апарату.

Унікальнасць цэнтра ў эфектыўнай комплекснай рэабілітацыі, накіраванай на аднаўленне, захаванне фізічнага здароўя, асобы і сацыяльнага статусу дзяцей.

Тут ажыццяўляецца медыцынская, педагагічная, псіхалагічная, сацыяльная рэабілітацыя, створаны камфортныя ўмовы для дзяцей-інвалідаў і блізкіх сваякоў, якія іх суправаджаюць (як правіла, гэта маці).

Праграмы ўлічваюць асабістыя асаблівасці кожнага дзіцяці, у школе праводзяцца групавыя і індывідуальныя заняткі, зыходзячы з інтэлектуальнага развіцця дзяцей. У камп`ютарным класе дзеці займаюцца па спецыяльных развіваючых методыках.

У РРЦДІ пастаянна ўкараняюцца новыя методыкі рэабілітацыі і адаптацыі дзяцей-інвалідаў. Залы ЛФК аснашчаны рабатызаванымі рэабілітацыйнымі сістэмамі, якія даюць магчымасць праводзіць дыягностыку рухальных парушэнняў і планаваць трэніровачныя праграмы для аднаўлення страчаных функцый.

Устаноўлены адаптаваныя трэнажоры, у тым ліку трэнажор для выпрацоўкі навыкаў хадзьбы. У басейне рэгулярна праводзяцца малагрупавыя, індывідуальныя заняткі з выкарыстаннем інвентару для гідракінезатэрапіі і аквастэпаў.

Укаранёны методыкі фізіятэрапеўтычнага лячэння на апаратах магнітатэрапіі, выкарыстоўваюцца электрастатычны масаж, крыятэрапія, а таксама віхравая ванна для падводнага масажу ніжніх канечнасцей.

У цэнтры развіваецца адаптыўны спорт (тэніс на калясках, марскі більярд), арт-тэрапія.

У мінулым годзе ў РРЦДІ адкрылася безбар`ерная гульнявая пляцоўка для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі (тут ёсць горка, рукаход, трап, мегафон, штурвал, мелавая дошка, крывое люстэрка і зона адпачынку).

Большасць гульнявых элементаў спраектавана з улікам асаблівасцей дзяцей-інвалідаў і выраблена з мяккіх матэрыялаў, натуральнага дрэва.

Для забеспячэння камфортнага доступу да гульнявой пляцоўкі прылеглая тэрыторыя аснашчана пад`язнымі шляхамі.

На ўліку ў РРЦДІ знаходзіцца 2,4 тыс. дзяцей-інвалідаў. Усяго за час работы цэнтра курс рэабілітацыі прайшлі больш за 15 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку за дзевяць месяцаў бягучага года - амаль 1 тыс. дзяцей-інвалідаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У Беларусі на 1 жніўня бягучага года на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзілася 29,5 тыс. дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.

14 кастрычніка 2016, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
 
Дата публикации:14.10.2016
Тематика:Бизнес, Образование в Беларуси
Просмотров:1210
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Дети-инвалиды Адаптация Профориентация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме