https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У 96-м мікрараёне Гомеля з`явіцца новая школа на 845 месцаў з двума басейнамі


У 96-м мікрараёне Гомеля, або Хутары, з`явіцца новая школа на 845 месцаў з двума басейнамі. Нетыпавы праект абяцае самую інавацыйную прастору для школьнікаў у рэгіёне.
Школа — дакладна адзін з самых важных і доўгачаканых аб`ектаў інфраструктуры для жыхароў 96-га мікрараёна Гомеля. Будаўніцтва ўстановы было запланавана яшчэ на стадыі праектавання новага мікрараёна актыўнай жыллёвай забудовы. Пытанне ўзвядзення школы неаднаразова ўздымалася жыхарамі мікрараёна, асноўную частку з якіх складаюць маладыя сем`і з дзецьмі.

У лютым 2020 года ў Гомелі пачалася распрацоўка праектнай дакументацыі будучага аб`екта. У кастрычніку бягучага года праект накіруюць на дзяржэкспертызу. Для яго рэалізацыі будаўнікам спатрэбіцца 15 нарматыўных месяцаў.

Вядома, што пад новую школу выдзелена тры гектары зямлі ў самым цэнтры Хутара. Па плане гэта будзе будынак пераменнай павярховасці з чатырма блакаванымі карпусамі і агульным унутраным дваром.

Карпусы падзеляцца па функцыянальным прызначэнні. Два — для вучэбна-адукацыйнага працэсу пачатковых і старэйшых класаў. У меншых блоках — спартыўны цэнтр, харчблок і адміністрацыя будучай школы.

— Самым складаным было ўпісаць шматфункцыянальны па сваёй сутнасці аб`ект у выдзелены зямельны ўчастак, — адзначыла галоўны інжынер ОАО «Гипроживмаш» Кацярына Шапавалава. — Але нашы спецыялісты справіліся і па ацэнцы заказчыка — у асобе Гомельскага абласнога УКБа — стварылі самую інавацыйную на сёння ў рэгіёне пляцоўку для школьнікаў.

У новай школе будуць два басейны — з малой і вялікай чарай. На тэрыторыі таксама з`явяцца сучасныя інтэрактыўныя зоны, поўнапамернае футбольнае поле, валейбольная, баскетбольная і тэнісная пляцоўкі.

Між тым сёння ў Гомелі ў кругласутачным рэжыме працуюць над завяршэннем будаўніцтва школы ў 21-м мікрараёне. Галоўная задача — каб установа адукацыі была гатовая сустрэць вучняў у новым навучальным годзе.

Да ўзвядзення школы ў 21-м мікрараёне Гомеля прыступілі яшчэ ў 2012 годзе. Аднак праз тры гады будоўля была прыпынена з-за адсутнасці сродкаў, а пляцоўка закансервавана. Патрэба ў новай установе адукацыі ў гэтым раёне новабудоўляў відавочная. Бліжэйшая школа вымушана працаваць у дзве змены: тут вучыцца больш за 1,6 тысячы школьнікаў пры праектнай магутнасці 960 месцаў.

На неабходнасці аднаўлення будаўніцтва новай школы ў 21-м мікрараёне засяродзілі ўвагу гамяльчане пры правядзенні акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту». Тэма заставалася на спецыяльным кантролі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Праектная арганізацыя даследавала існуючыя канструкцыі даўгабуда і пацвердзіла іх апорную здольнасць. Пасля гэтага было прынята рашэнне працягваць будаўніча-мантажныя работы. Сёлета будоўлю «размарозілі».

На тэрыторыі пяці гектараў плошча забудовы займае больш за 4,6 гектара. У комплексе — будынкі самой школы, а таксама прызначаныя для груп падоўжанага дня і пераходныя галерэі.

У адным з блокаў будуць размешчаны спартыўныя залы, актавая і канферэнц-зала. Праектам прадугледжаны сталоўка, бібліятэка, вестыбюль-рэкрэацыя для школьных мерапрыемстваў. Асобныя кабінеты будуць абсталяваны лінгафоннымі сістэмамі — аўдыя-, відэа- і мультымедыйнымі сродкамі.

Новая ўстанова адукацыі разлічана на 765 навучэнцаў. У будынках з пераходнымі галерэямі размесцяцца 33 класы трох паралеляў. Праектам прадугледжана навучанне ў школе інвалідаў-калясачнікаў. Дарэчы, безбар`ернае асяроддзе забяспечана ў поўным аб`ёме. Шырокія калідоры і дзверы дадуць ім магчымасць бесперашкодна перасоўвацца ў будынку. У школе будзе працаваць басейн з вялікай і малой чарамі. Каля будынка размесцяцца валейбольны і футбольны стадыёны, бегавая дарожка і асобная пляцоўка для групы падоўжанага дня.

Цяпер агульнабудаўнічыя работы на аб`екце практычна завершаны. На сёння працягваюцца спецыялізаваныя: адстройванне, мантаж сантэхнікі і электрыкі, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Аўтар: Наталля Капрыленка
Звязда, 21 ліпеня 2020
 
Дата публикации:21.07.2020
Тематика:Бизнес, Образование в Беларуси
Просмотров:458
 
Ключевые слова:
Строительство Гомель Школа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме