https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які з`яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне


Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дэкрэт прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб`ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам.

Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы. Для дасягнення гэтых мэт уводзіцца паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці.

Іх пералік вызначаны дэкрэтам: гэта бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасці.

Такім чынам, дзеянне дакумента ахоплівае сферы, у якіх сканцэнтравана амаль 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу.

Цяпер для займання гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу "адно акно" (дапускаецца паштовае адпраўленне з паведамленнем аб уручэнні) або з дапамогай партала электронных паслуг.

На наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці. Дэкрэтам таксама зацверджаны агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі да размяшчэння, уладкавання, абсталявання, утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў.

Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны. Яны будуць абавязковымі для выканання ўсімі суб`ектамі пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці.

Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў гэтай сферы, цяпер будуць мець для прадпрымальнікаў рэкамендацыйны характар да іх адмены.

Дэкрэтам максімальна знімаюцца адміністрацыйныя бар`еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і доўгіх працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі.

Так, прадпрыемствам сферы гандлю і грамадскага харчавання не трэба будзе звяртацца ў выканкамы за ўзгадненнем рэжыму работы магазінаў, рэстаранаў і кафэ.

Выключэнне зроблена толькі для ўстаноў, якія працуюць у начны час (з 23 да 7 гадзін). У сферы транспартнай дзейнасці адыходзіць у мінулае абавязковае патрабаванне аб афармленні пуцёвак для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.

Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічныя затратныя патрабаванні і абмежаванні для бізнесу ў сферах вытворчасці прадукцыі, будаўнічай і транспартнай дзейнасці, гандлі і іншых.

Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай работы прадпрыемства. У прыватнасці, за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, што прывяло да шкодных наступстваў, калі няма прыкмет злачынства або іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.

Гэта мера прызначана на фоне лібералізацыі патрабаванняў павысіць адказнасць бізнесу за сваю дзейнасць перад грамадствам і дзяржавай.

Дэкрэт прызначаны надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне.

23 лістапада 2017, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:23.11.2017
Тематика:Бизнес, Законодательство
Просмотров:776
 
Ключевые слова:
Предпринимательство Декрет №7
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме