https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У праекце закона "Аб барацьбе з карупцыяй", які вынесены ў Беларусі на грамадскае абмеркаванне, неабходна максімальна ўлічыць адказнасць хабарадавальнікаў


Такое меркаванне выказаў дырэктар інфармацыйна-асветнай установы "Актуальная канцэпцыя" палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі.
Палітычны аналітык адзначыў, што часцей за ўсё карупцыйныя злачынствы заснаваны на факце атрымання хабару. Акрамя хабарнікаў, пра якіх ідзе размова ў праекце дакумента, ёсць такая катэгорыя асоб, як хабарадавальнікі і так званыя пасрэднікі. "Таму неабходна прапрацаваць адказнасць як хабарадавальнікаў, так і пасрэднікаў з ліку службовых асоб. Гэта звязана з тым, што шэраг парушэнняў, дапушчаных кіраўнікамі прадпрыемстваў, напрыклад, у сферы будаўніцтва, датычыцца фальсіфікацыі вынікаў тэндараў, конкурсаў і гэтак далей, калі па злачыннай змове заключаюцца здзелкі на шкоду дзяржаўным інтарэсам", - сказаў Аляксандр Шпакоўскі.

Ён растлумачыў, што цяпер злачыннымі прызнаюцца дзеянні, накіраваныя на перадачу службовай асобе хабару, аднак якія не завяршыліся прыняццем прадмета хабару па абставінах незалежных ад волі давальніка (у прыватнасці, калі дзейнасць хабарадавальніка спынена праваахоўнымі органамі). Такія дзеянні расцэньваюцца як замах на дачу і атрыманне хабару. Важным сродкам прафілактыкі праяў карупцыі павінна стаць устанаўленне адказнасці за прапанову службовай асобе атрымаць хабар. Такія нормы існуюць у заканадаўстве многіх замежных краін і даўно абмяркоўваюцца беларускай супольнасцю правазнаўцаў. "Як вядома, попыт спараджае прапанаванне, таму важна ліквідаваць саму спакусу прапанаваць чыноўніку хабар за паспяховае вырашэнне пытання", - падкрэсліў дырэктар "Актуальнай канцэпцыі", дадаўшы, што ў гэтым напрамку, хутчэй за ўсё, карэкціроўкі таксама будуць уносіцца.

У цэлым, на думку Аляксандра Шпакоўскага, падрыхтоўка праекта закона з`яўляецца своечасовай мерай, а той факт, што пытанне выносіцца на грамадскае абмеркаванне, сведчыць аб яго высокай сацыяльнай значнасці, а таксама аб жаданні распрацоўшчыкаў дакумента пачуць і ўлічыць наватарскія прапановы актыўнай часткі грамадства.

"Такія грамадскія абмеркаванні - цалкам звычайная практыка, калі прымаецца тое ці іншае значнае дзяржаўнае рашэнне ў Беларусі", - заўважыў субяседнік. Ён нагадаў, што, калі прымалася лёсавызначальнае рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі, па ўсёй краіне праходзілі грамадскія слуханні. "Таму такі пазітыўны вопыт у нас ужо ёсць", - сказаў ён.

Акрамя таго, гаворачы пра важнасць вынесенага на абмеркаванне праекта закона, Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь дасягнула значных вынікаў у сферы барацьбы з карупцыяй, што фактычна з`яўляецца адной з асноў унутранай дзяржаўнай палітыкі. У Беларусі ўзровень карумпаванасці дзяржаўнай службы найбольш нізкі з ліку краін постсавецкай прасторы, узровень латэнтнай (невыяўляльнай) карупцыйнай злачыннасці таксама на парадак ніжэйшы, чым у іншых дзяржавах.

"Карупцыйныя злачынствы пастаянна выяўляюцца і спыняюцца, праваахоўныя органы вядуць актыўную работу ў гэтым напрамку, што відавочна з паведамленняў прэсы. Прафілактыка карупцыі - фундамент устойлівасці ўлады і спакою ў грамадстве. Да чаго можа давесці няўважлівасць да гэтай праблемы - відаць на прыкладзе суседняй Украіны", - сказаў ён.

Што датычыцца норм, абазначаных у праекце дакумента, то па шэрагу палажэнняў ён дубліруе папярэднюю рэдакцыю. Пры гэтым, паводле слоў палітычнага аналітыка, ёсць шэраг прынцыповых новаўвядзенняў, якія ўяўляюць інтарэс у плане развіцця грамадскай дыскусіі. Па-першае, гэта неназначэнне пенсій дзяржаўнага служачага асобам, якія дапусцілі злачынства супраць інтарэсаў службы або ўчынілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. "На мой погляд, гэта норма выглядае абсалютна справядлівай, таму што калі чалавек працаваў на высокай дзяржаўнай пасадзе, учыніў цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы, то ўзнікае пытанне: ці мае ён законнае і маральнае права карыстацца якімі-небудзь ільготамі, якія яму давала яго становішча ў мінулым? Калі ён свядома ўчыніў злачыннае дзеянне і зганьбаваў гонар дзяржслужачага, то наўрад ці грамадства можа прадаставіць яму нейкія прывілеі", - лічыць дырэктар "Актуальнай канцэпцыі".

Яшчэ адна навела датычыцца парадку перасаджвання з аднаго крэсла ў іншае кіраўнікоў, якія раней правалілі адказны ўчастак работы і звольнены з займаемай пасады, або дапусцілі злачыннае дзеянне, правапарушэнні, цяжкія дысцыплінарныя праступкі па службе. "На жаль, такая практыка нават у Беларусі мела месца. Але з прыняццем закона прававыя, фармальныя падставы для такіх дзеянняў будуць ліквідаваны", - упэўнены субяседнік.

БЕЛТА
, 13 жніўня 2014
 
Дата публикации:13.08.2014
Тематика:Бизнес, Законодательство
Просмотров:1155
 
Ключевые слова:
Коррупция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме