https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які абавязвае ІП мець суправаджальныя дакументы на ўсе тавары, што падлягаюць рэалізацыі


Прэзідэнт Беларусі 16 траўня падпісаў указ № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі".
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку з 1 ліпеня гэтага года мець дакументы, якія пацвярджаюць набыццё ўсіх тавараў для рэалізацыі, у тым ліку ўвезеных з краін Мытнага саюза.

Для гэтай катэгорыі прадстаўнікоў малога бізнесу да 1 сакавіка 2015 года ўстаноўлены пераходны перыяд, на працягу якога прадпрымальнікі могуць распрадаваць набытыя ў краінах МС да 1 ліпеня гэтага года рэшткі тавараў без суправаджальных дакументаў. Пры гэтым указ абавязвае іх да 30 ліпеня гэтага года зарэгістраваць у падатковым органе вопіс рэшткаў тавараў без суправаджальных дакументаў — па кожным гандлёвым аб`екце і складзе. Зарэгістраваныя вопісы належыць захоўваць на гандлёвых аб`ектах, пакуль рэшткі не будуць распрададзеныя.

Акрамя гэтага, з 1 сакавіка 2015 года з указа № 285 "Аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці" будзе выключаны пункт, які цяпер дае прадпрымальнікам магчымасць рэалізоўваць тавары, увезеныя з краін МС без суправаджальных дакументаў, пры ўмове выплаты падатку на дададзены кошт у фіксаваных сумах.

"Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія будуць мець дакументы на ўсе тавары для рэалізацыі, у адпаведнасці з указам будуць мець права перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання або з 1 ліпеня, або з 1 кастрычніка 2014 года", — гаворыцца ў дакуменце.

Указ таксама прадугледжвае пералік тавараў, якія фізічныя асобы маюць права рэалізоўваць без суправаджальных дакументаў.

Акрамя таго, дакумент дае ІП права наймаць да трох работнікаў незалежна ад роднасных сувязяў, а таксама здымае абмежаванні па колькасці гандлёвых і іншых аб`ектаў, якія прадпрымальнікі могуць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

Раней прадпрымальнікі неаднаразова крытыкавалі праект гэтага ўказа, заяўляючы, што ён невыканальны і прымусіць многіх з іх спыніць сваю дзейнасць. Прычына ў тым, што замежныя пастаўшчыкі, галоўным чынам расійскія, не выдаюць беларускім ІП неабходныя суправаджальныя дакументы. Так, рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне "Перспектыва" заклікала Аляксандра Лукашэнку не падпісваць указ без аднагалоснага ухвалення дакумента з боку ІП і прадпрымальніцкіх саюзаў.

Нагадаем, 18 лютага на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па праекце ўказа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" Лукашэнка заявіў, што пераходны перыяд для выканання патрабаванняў тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці для індывідуальных прадпрымальнікаў больш працягвацца не будзе. "Гэта выключана і нават не абмяркоўваецца. Я ў гэтыя гульні з прадпрымальнікамі гуляць не мае намеру. Гэта "цягамоціна" будзе бясконца працягвацца. Мы не першы год пра гэта гаворым, — адзначыў ён. — Я не прэзідэнт, калі я ствараю няроўныя ўмовы і гэтыя дзіркі". "З 1 ліпеня мы павінны ўсіх паставіць у роўныя ўмовы, перайсці да цывілізаванага бізнесу", — падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў ураду ў цесным кантакце з прадпрымальнікамі дапрацаваць прадстаўлены праект указа, прапісаўшы ў ім ясныя і празрыстыя нормы, якія ўлічваюць інтарэсы бакоў, а міністру гандлю разам з іншымі членамі ўрада і губернатарамі — да 1 ліпеня стварыць у кожнай вобласці аптовыя базы. "Тое, што мы тут не вырабляем, галоўным чынам павінна быць увезена, каб не ствараць гэтага дэфіцыту", — сказаў ён.

"Выпрацуйце нармальны дакумент, не адцягваючы ніякіх тэрмінаў. Усё павінна быць сумленна і празрыста. Трэба дапамагчы з рэалізацыяй — дапаможам, — сказаў Лукашэнка. — Давайце разам перасягнём гэту мяжу".

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не жадае ствараць нейкія ачагі напружанасці сярод прадпрымальнікаў. "Я магу падпісаць любы ўказ і перажыць бунт дзевяці ці дзесяці тысяч прадпрымальнікаў. Не вы сёння вызначаеце палітыку ў дзяржаве. Але я не хачу гэтага ачагу. Я не хачу, каб нават два чалавекі, прадпрымальнікі, казалі пра мяне дрэнна. Таму што я — ваш прэзідэнт. Нават калі вы на дух не пераносілі і не галасавалі за мяне — пасля выбараў я ўжо ваш прэзідэнт. Таму я не хачу вас пакрыўдзіць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Лукашэнка папярэдзіў, што чакае ўзважанай пазіцыі па пытаннях, што абмяркоўваюцца, і з боку прадпрымальнікаў. "Давайце дамовімся без усякіх там наскокаў. Калі вы пасля сённяшняй гутаркі паспрабуеце дзесьці арганізаваць забастоўку, не будзеце працаваць на сваім працоўным месцы, вы больш туды не прыйдзеце. Я прыму рашэнне: той, хто дэманстратыўна закрыў свае квадратныя метры, акенца ці ларок, ён больш там не з`явіцца. Проста вам нідзе ў Мінску і ў краіне не дадуць арандаваць плошчы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Мы ніякія тэрміны адцягваць не будзем і будзем выводзіць гэты бізнес з ценю, дзе ён загнаны ў цень, будзем рабіць яго празрыстым, — сказаў Лукашэнка. — Калі ў нас будуць свае аптовыя базы, вядома ж, нашы аптавікі будуць глядзець, каб не было даражэй, чым у Маскве. У вас будзе таннейшы тавар, празрысты бізнес".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 16 траўня 2014
 
Дата публикации:16.05.2014
Тематика:Бизнес, Законодательство
Просмотров:1263
 
Ключевые слова:
Мытны саюз Техрегламент Сертификация Предпринимательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме