https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Апублікаваны ўказ № 78 аб мерах па павышэнні эфектыўнасці "сацыяльна-эканамічнага комплексу"


Указ складаецца з пяці асноўных пунктаў.
"У сучасных умовах знешнеэканамічных працэсаў і іх адмоўнага ўплыву на нацыянальную эканоміку неабходныя своечасовыя меры па арганізацыі эканамічнай бяспекі, сацыяльнай стабільнасці і фарміраванні дадатковых умоў для аднаўлення ўстойлівага эканамічнага росту", — гаворыцца ў апублікаваным 23 лютага ўказе прэзідэнта № 78 "Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь".

"Нарастанне негатыўных з`яў у сусветнай эканоміцы, скарачэнне попыту на нашых традыцыйных экспартных рынках, рэзкае падзенне цэн на нафту і сыравінныя тавары, геапалітычная нестабільнасць прывялі да пагаршэння ўмоў знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь", — адзначаецца ў прэамбуле.

Рэалізацыя на практыцы ўнутраных рэзерваў развіцця патрабуе "ініцыятыўнай і эфектыўнай працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцця "вертыкаллю" ўлады рашучых і сістэмных мер".

Указ складаецца з пяці асноўных пунктаў.

У першым Савету міністраў даручана, у прыватнасці, прыняць дадатковыя меры для забеспячэння: прыбытковай працы дзяржпрадпрыемстваў "пры належнай якасці кіравання іх актывамі" і зніжэнні сабекошту прадукцыі не менш як на 25%; павышэння плацежнай дысцыпліны ва ўзаемаразліках; развіцця добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку; росту і дыверсіфікацыі экспарту; "рацыянальнага імпартазамяшчэння"; паскоранага развіцця малога і сярэдняга бізнесу і "ўцягвання яго ў экспартную дзейнасць і імпартазамяшчэнне"; сумесна з Нацыянальным банкам паступальнага зніжэння ставак па крэдытах у эканоміцы.

Урад павінен выпрацаваць прапановы па прыватызацыі (адчужэнні) аб`ектаў дзяржуласнасці "на прынцыпах празрыстасці, аператыўнасці і эфектыўнасці", прымяненні спрошчаных працэдур фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый.

Саўмін, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам абавязаныя: забяспечыць штогадовае павелічэнне на 50 тыс. чалавек колькасці працаўладкаваных грамадзян на новыя створаныя працоўныя месцы за кошт арганізацыі новых вытворчасцяў; рэалізаваць імпартазамяшчальныя праекты з дасягненнем аб`ёму выручкі ад рэалізацыі прадукцыі не менш як 600 млн. долараў ЗША штогод у прамысловай вытворчасці і сферы паслуг за кошт пазабюджэтных крыніц; забяспечыць на працягу 2016 года скарачэнне пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці не менш як на 100 млн. долараў ЗША; актывізаваць інвестыцыйную дзейнасць, забяспечыць "шырокі і спрошчаны доступ" да кітайскіх крэдытных ліній; забяспечыць у 2016 годзе зніжэнне затрат арганізацый, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, і своечасовае прыняцце рашэнняў па дасягненні ўзроўню іх кампенсавання тарыфамі для насельніцтва ў памеры 50%. Дадатковыя даходы па сістэме Міністэрства энергетыкі ад зніжэння аб`ёмаў перакрыжаванага субсідавання належыць накіраваць на зніжэнне тарыфаў на энергарэсурсы для прамысловых спажыўцоў.

Кіраўнікам дзяржорганаў даручана забяспечыць "аператыўны і ўсебаковы разгляд прапаноў прадпрымальнікаў па развіцці вытворчасцяў і стварэнні працоўных месцаў, усяляк ім садзейнічаць", арганізаваць растлумачальную працу з насельніцтвам "для папулярызацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян".

Другі пункт указа прысвечаны "збалансаванаму выкананню бюджэту 2016 года і мерам сацыяльнай абароны насельніцтва".

Саўмін, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам павінны "рэалізаваць кампенсавальныя меры падатковай палітыкі, скіраваныя на аднаўленне даходаў бюджэту і зніжэнне іх залежнасці ад кан`юнктуры знешняга попыту на сыравінныя тавары", сфармаваць у 2016 годзе рэзервы ў рэспубліканскім бюджэце да 8 трлн. рублёў для аказання мер сацыяльнай падтрымкі асобным катэгорыям насельніцтва, у мясцовых бюджэтах — да 2,8 трлн. рублёў для фінансавання расходаў на даванне безнаяўных жыллёвых субсідый за кошт эканоміі ў выніку зніжэння бюджэтнага субсідавання жыллёва-камунальных паслуг.

Органы ўлады абавязаныя таксама "прыняць вычарпальныя меры па мінімізацыі негатыўных наступстваў, абумоўленых ростам цэн на спажывецкія тавары ў выніку прымянення мер бюджэтнай кансалідацыі". Пры гэтым прырост індэкса спажывецкіх цэн ад названых мер не павінен перавышаць 3,7%.

Плануецца скарачэнне расходаў кансалідаванага бюджэту на 2016 год за кошт змяншэння расходаў на непершачарговыя капітальныя ўкладанні (набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў, капітальнае будаўніцтва, рэканструкцыя і капітальны рамонт), утрыманне органаў дзяржкіравання, мясцовага кіравання і самакіравання за кошт аптымізацыі функцый і колькасці дзяржорганаў усіх узроўняў. Сродкі ад гэтай аптымізацыі накіроўваюцца на павышэнне заработнай платы дзяржаўных служачых. Зменшыцца пакрыццё (кампенсацыя) бюджэтам працэнтаў па крэдытах у беларускіх рублях, якія выданыя альбо выдаюцца ў межах дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў (за выключэннем крэдытаў на жыллёвае будаўніцтва), за кошт павелічэння ставак па крэдытных дагаворах на 2 працэнтныя пункты з адначасовым змяншэннем у такім жа памеры стаўкі кампенсацыі. Знізяцца датацыі, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваныя бюджэты абласцей і ў бюджэт Мінска.

Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, старшыням аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама даручана забяспечыць першачарговае зніжэнне выдаткаў на закупку імпартнай сыравіны (матэрыялаў, камплектавальных), скарачэнне выдаткаў на ўтрыманне адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату, адмову ад доўгатэрміновых капітальных укладанняў у невытворчую сферу (у тым ліку за кошт валютных крыніц).

Саўмін абавязаны ўнесці прапановы па: павелічэнні з 1 сакавіка бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва; узмацненні з 1 сакавіка механізмаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрымкі грамадзян, у тым ліку шляхам перагляду памераў выплат сацыяльнага характару; укараненні з 1 кастрычніка безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай аплаты асноўных жыллёва-камунальных паслуг.

Трэці пункт указа тычыцца забеспячэння абслугоўвання і своечасовага пагашэння валютных абавязацельстваў.

Саўміну і Нацбанку даручана: праводзіць "збалансаваную макраэканамічную палітыку, скіраваную на нарошчванне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў да эканамічна бяспечнага ўзроўню, які пакрывае трохмесячны імпарт тавараў (работ, паслуг), а таксама кароткатэрміновыя даўгавыя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце"; забяспечваць своечасовае і поўнае выкананне абавязацельстваў, у тым ліку праз рэфінансавання, "пад персанальную адказнасць": прэм`ер-міністра — па пагашэнні валютнага доўгу ўрадам і рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, старшыні праўлення Нацбанка — па пагашэнні валютных абавязацельстваў Нацбанка, старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — па пагашэнні валютнага доўгу мясцовых органаў кіравання і самакіравання, кіраўнікоў арганізацый і камерцыйных банкаў — па пагашэнні валютнага доўгу гэтых і падпарадкаваных ім арганізацый.

Урад упаўнаважаны на падпісанне міжурадавых і міжнародных дагавораў, скіраваных на прыцягненне інвестыцыйных рэсурсаў ад міжнародных фінансавых арганізацый, што змяшчаюць палажэнні, "адрозныя ад норм заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь", з наступнай ратыфікацыяй такіх дагавораў ва ўстаноўленым парадку.

Чацвёрты пункт прапісвае "паўнамоцтвы і адказнасць кадраў".

Ацэнка эфектыўнасці працы кадраў будзе ажыццяўляцца згодна з наступнымі асноўнымі крытэрыямі: прэм`ер-міністра і яго першага намесніка — паводле вынікаў забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці і эфектыўнага кіравання валютным доўгам урада; старшыні праўлення Нацбанка — паводле вынікаў забеспячэння фінансавай стабільнасці, скарачэння валютных абавязацельстваў Нацбанка, павелічэння міжнародных рэзервовых актываў; намеснікаў прэм`ер-міністра, міністра замежных спраў — па росце і дыверсіфікацыі экспарту; кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання — па аб`ёме прыцягнутых прамых замежных інвестыцый у галіну, рацыянальным імпартазамяшчэнні; старшынь абласных і Мінскага гарвыканкамаў — па аб`ёме прыцягнутых прамых замежных інвестыцый у рэгіён, рацыянальным імпартазамяшчэнні, росце і дыверсіфікацыі экспарту, стварэнні новых працоўных месцаў; старшыняў раённых (гарадскіх) выканкамаў — па колькасці створаных новых працоўных месцаў; кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў — па паказчыку чыстага прыбытку і скарачэнні сабекошту тавараў (работ, паслуг), што вырабляюцца.

Саўміну сумесна з Адміністрацыяй прэзідэнта і Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі да 1 чэрвеня даручана ўнесці прапановы: па скарачэнні залішніх і дублявальных функцый органаў дзяржкіравання, кантрольных (наглядных) і праваахоўных органаў; удасканаленні сістэмы падбору і расстаноўкі кадраў, іх навучання і перападрыхтоўкі (у тым ліку за мяжой), павышэння матывацыі на дасягненне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця; удасканаленні парадку і ўмоў прызначэння (вызвалення ад пасады) кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый, а таксама арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў у статутных фондах) належыць дзяржаве; мінімізацыі наглядных праверак, скарачэнні наглядных органаў, падстаў для правядзення такіх праверак і павышэнні ролі пракуратуры ў забеспячэнні законнасці.

Урад павінен на працягу 2016 года забяспечыць перагляд паказчыкаў эфектыўнасці працы фіскальных органаў у частцы зрушэння акцэнтаў з бягучага напаўнення бюджэту суб`ектамі гаспадарання на стратэгічнае забеспячэнне іх стабільнай і бясстратнай працы, карэкціроўку абавязковых да прымянення тэхнічных нарматыўных прававых актаў, прадугледзеўшы выключэнне з іх патрабаванняў і абавязкаў, непасрэдна не звязаных з бяспекай прадукцыі (работ, паслуг).

Апошні пункт указа прысвечаны забеспячэнню недатыкальнасці ўласнасці.

Генеральнай пракуратуры і судам належыць забяспечваць "безумоўнае і няўхільнае выкананне" прадугледжанай Канстытуцыяй гарантыі аховы ўласнасці.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 24 лютага 2016
 
Дата публикации:24.02.2016
Тематика:Бизнес, Законодательство
Просмотров:986
 
Ключевые слова:
Указ №78 Соцзащита в Беларуси Частная собственность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме