https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Прэзідэнт Белапусі падпісаў дэкрэт, які ўзмацняе патрабаванні да кіраўнікоў і работнікаў арганізацый любой формы ўласнасці


Аляксандр Лукашэнка 15 снежня падпісаў дэкрэт № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацый".
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, "дакумент скіраваны на выкараненне безгаспадарлівасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама спыненне фактаў працаўладкавання нядобрасумленных кіраўнікоў на новую кіраўнічую пасаду". 

Так, на кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці дэкрэтам ускладаецца персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, выкананне ўмоў працы работнікаў. Пры невыкананні патрабаванняў кіраўнік будзе прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. 

Такія дадатковыя крытэрыі ацэнкі працы кіраўніка будуць улічвацца пры яго атэстацыі і пры прыняцці рашэння аб прадаўжэнні з ім кантракта. 

"Адначасова з усталяваннем адказнасці кіраўнікоў прадугледжваецца надзяленне іх дадатковымі правамі, якія дазваляюць забяспечыць належную вытворчую і працоўную дысцыпліну, аператыўную рэалізацыю прынятых кіраўнічых рашэнняў", — паведамляе прэс-служба. У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымаюць права змяняць істотныя ўмовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі ці эканамічнымі прычынамі, папярэдзіўшы работніка не менш чым за сем каляндарных дзён (цяпер устаноўлены месячны тэрмін папярэджання). "Памяншэнне тэрміну папярэджання дазволіць больш аператыўна змяняць умовы працы работнікаў (напрыклад, рэжым працоўнага часу ці сістэму аплаты працы), а значыць хутчэй рэагаваць на змяненне кан`юнктурных і знешніх фактараў", — адзначылі ў прэс-службе. 

Кіраўнік таксама зможа прымяняць да работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, у якасці самастойнай меры дысцыплінарнага спагнання дэпрэміраванне да дванаццаці месяцаў (паводле дзейных правілаў мерамі дысцыплінарнага спагнання з`яўляюцца заўвага, вымова і звальненне). 

"Увядзенне матэрыяльнага віду дысцыплінарнага спагнання дазволіць больш гнутка рэагаваць на дапушчаныя работнікам парушэнні, павысіць працоўную дысцыпліну і будзе з`яўляцца больш дзейснай мерай дысцыплінарнага ўздзеяння, чым вымова і заўвага", — лічаць у прэс-службе. Работнікі будуць пазбаўляцца ў тым ліку ўжо прызначаных прэмій. 

Кіраўнік арганізацыі таксама зможа неадкладна адхіляць работніка ад працы ў выпадку ўчынення ім дысцыплінарных правіннасцяў, якія пацягнулі ці здольныя пацягнуць прычыненне арганізацыі ўрону. "Гэтая мера дазволіць аператыўна спыніць любое парушэнне дысцыпліны і, такім чынам, не аплачваць перыяд, на працягу якога работнік быў адхілены ад працы", — каментуе новаўвядзенне прэс-служба. 

Акрамя таго, кіраўнік атрымае права звальняць работнікаў, якія дапусцілі парушэнне дысцыпліны, што пацягнула прычыненне арганізацыі ўрону ў памеры, які перавышае тры сярэднямесячныя заработныя платы па рэспубліцы (з адначасовым апавяшчэннем прафсаюза). "Увядзенне гэтай падставы звальнення дазволіць павысіць дысцыпліну працы і беражлівае стаўленне работнікаў да даручаных сродкаў вытворчасці", — адзначае прэс-служба. Памер нанесенага ўрону, які будзе з`яўляцца падставай для звальнення, складае прыкладна 19 млн. рублёў. Магчымасць звальнення работніка па гэтай падставе з`яўляецца правам кіраўніка, а не яго абавязкам, тлумачыць прэс-служба. 

Таксама кіраўнік арганізацыі зможа ўтрымліваць з зарплаты работніка ў лік пакрыцця ўрону, нанесенага па віне работніка, да трох яго сярэднямесячных зарплат без падачы іску ў суд (цяпер наймальнік мае права спаганяць урон у памеры адной сярэднямесячнай зарплаты). "Гэта дасць наймальніку больш гнуткі інструментарый пакрыцця страт ад нанесенага работнікам урону, зэканоміць часавыя і фінансавыя расходы, — гаворыцца ў каментары прэс-службы. — Пры гэтым за работнікам захоўваецца права абскардзіць прынятае наймальнікам рашэнне ў судовым парадку". 

Кіраўнік мае права ўстанаўліваць работніку, які не дапускаў парушэнняў дысцыпліны, дадатковыя выплаты стымулюючага характару без абмежавання іх памеру за кошт даходу. 

У дэкрэце таксама замацоўваецца пералік дыскрэдытуючых акалічнасцяў звальнення, у адпаведнасці з якімі працоўныя дагаворы (кантракты) могуць быць скасаваныя кіраўніком да заканчэння тэрміну іх дзеяння. "Пералік з`яўляецца вычарпальным і ўключае ўсе існыя ў заканадаўстве падставы звальнення, звязаныя з неналежным выкананнем працоўных абавязкаў", — паведамляе прэс-служба. 

За ўтойванне дыскрэдытуючай падставы звальнення работніка (напрыклад, звальненне "па згодзе бакоў" работніка, які ўчыніў п`янку на працоўным месцы) кіраўнікі будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. 

Дакументам таксама ўводзяцца забароны і абмежаванні пры прызначэнні на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых акалічнасцях. 

У прыватнасці, устанаўліваецца забарона прызначэння на пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, урада, аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама), раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, асоб, звольненых па дыскрэдытуючых акалічнасцях, на працягу пяці гадоў з дня такога звальнення. 

Прызначэнне такіх асоб (на працягу пяці гадоў пасля звальнення па дыскрэдытуючых акалічнасцях) на іншыя кіруючыя пасады ў арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці будзе ажыццяўляцца са згоды раённага, гарадскога выканкама, мясцовай адміністрацыі. Такое ўзгадненне будзе ажыццяўляцца на падставе інфармацыі пра кандыдата, у тым ліку падавання матываванага хадайніцтва арганізацыі і дададзеных да яго характарыстык з папярэдніх месцаў працы за апошнія пяць гадоў. 

За парушэнне прадугледжанага дэкрэтам парадку прызначэння на кіруючыя пасады, адмову ў выдачы ці парушэнне тэрмінаў выдачы характарыстык кіраўнікі будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Пры гэтым асоба, прызначаная на пасаду з парушэннем патрабаванняў дэкрэта, будзе падлягаць безумоўнаму звальненню ў сувязі з парушэннем устаноўленых правіл прыёму на працу. 

Уведзеныя дакументам патрабаванні будуць распаўсюджвацца на работнікаў і кіраўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый, падкрэслілі ў прэс-службе. 

Дэкрэт набывае моц 1 студзеня 2015 года.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2014
 
Дата публикации:15.12.2014
Тематика:Бизнес, Законодательство
Просмотров:1166
 
Ключевые слова:
Трудовая дисциплина Декрет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме