Нарматыўны прававы акт 17 жніўня зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Беларусі і 18 жніўня афіцыйна апублікаваны на партале.
Дакумент прыняты на падставе пункта 91 палажэння аб парадку ажыццяўлення добраахвотнай і абавязковай дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, зацверджанага ўказам прэзідэнта ад 18 лістапада 2004 года № 565, падпункта 9.4 пункта 9 палажэння аб Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага указам прэзідэнта ад 4 снежня 2007 года № 611 "Аб некаторых пытаннях Міністэрства ўнутраных спраў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму органаў унутраных спраў".
Устаноўлена, што абавязковая дзяржаўная дактыласкапічная рэгістрацыя грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе Узброеных сіл, (ваеннаабавязаных) праводзіцца тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў па месцы іх жыхарства (знаходжання) па ўзгодненых з ваеннымі камісарыятамі спісах ваеннаабавязаных, якія падлягаюць дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Пастанова вызначае парадак правядзення дактыласкапічнай рэгістрацыі. Так, пры атрыманні з ваенных камісарыятаў спісаў ваеннаабавязаных тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў арганізуюць іх зверку з дактыласкапічнымі ўлікамі. У выпадку адсутнасці дактыласкапічнай інфармацыі на асоб з указанага спісу тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў арганізуюць правядзенне іх дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Рэгістрацыя праводзіцца пры наяўнасці накіравання, выдадзенага тэрытарыяльным органам унутраных спраў па форме, устаноўленай МУС, і дакумента, які сведчыць асобу. Дактыласкапічныя карты на ваеннаабавязаных запаўняюцца ў адным асобніку. У дзень правядзення дактыласкапічнай рэгістрацыі тэрытарыяльны орган унутраных спраў выдае ваеннаабавязаным даведку аб праходжанні дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Дакумент падпісаны міністрам унутраных спраў генерал-маёрам міліцыі Ігарам Шуневічам, узгоднены з міністрам абароны генерал-лейтэнантам Юрыем Жадобіным.
Пастанова набыла моц.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 жніўня 2012