https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Закон, якім карэктуецца заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, будзе дадатковым бар`ерам для распаўсюджвання фэйкаў і будзе ўмацоўваць бяспеку дзяржавы ў інфармсферы


Такое меркаванне выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.
"Заканадаўства аб СМІ, таксама як і любыя іншыя заканадаўчыя акты, не з`яўляецца застылым. Тым больш у такой сферы, калі тэхналогіі ў літаральным сэнсе кожны дзень мяняюць у тым ліку і нашу інфармацыйную прастору. Віртуальнае асяроддзе стала сёння магутным фактарам уплыву на людзей і, на жаль, інтэрнэт далёка не заўсёды служыць інтарэсам грамадства і дзяржавы, у тым ліку з`яўляецца інструментам інфармацыйных, гібрыдных войнаў. І вельмі важна, каб сфера інфармацыі мела дакладнае дзяржаўнае рэгуляванне для таго, каб захоўваць баланс дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, не дапускаць разбурэння маральных, грамадскіх асноў і захоўваць нацыянальную бяспеку. Што вельмі важна", - сказала Лілія Ананіч.

Парламентарый адзначыла ў законе два галоўныя пастулаты. "Закон нацэлены на забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне дакладнай інфармацыі і гарантаванне нацыянальнай бяспекі Беларусі ў інфармацыйнай сферы, абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, - падкрэсліла яна. - Вельмі істотна тое, што шэраг артыкулаў накіраваны на рэгуляванне дзейнасці ў інтэрнэт-прасторы. У прыватнасці, пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена. Так, забараняецца распаўсюджваць вынікі апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэферэндумаў, выбараў кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, на падставе звестак, якія атрыманы ад арганізацый без адпаведнай акрэдытацыі. Забараняецца распаўсюджванне інфармацыі з гіперспасылкамі на тыя інфармацыйныя рэсурсы, доступ да якіх абмежаваны".

Устанаўліваецца, што разам з рашэннем суда выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем Мінінфарма (напрыклад, у выпадку вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, або заснавальніку СМІ, або ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў). "Закон надзяляе генеральнага пракурора, пракурораў абласцей і горада Мінска правам на абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання. Гэта прынцыпова важна, таму што сёння інтэрнэт - гэта хуткая інфармацыя і ў выпадках пагроз нацыянальнай бяспецы гэта дасць магчымасць прымаць адэкватныя рашэнні, у тым ліку і ў аператыўным парадку. Аналагічным чынам яны надзяляюцца правам выносіць пастановы аб аднаўленні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, калі такія ўмовы будуць выконвацца", - растлумачыла Лілія Ананіч.

Прадугледжваюцца меры, накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак. Так, незалежна ад часу стварэння СМІ іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім або юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, парушаны ўстаноўлены парадак акрэдытацыі, або распаўсюджаны звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і знеслаўляюць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, або ўчынена наўмыснае проціпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці. Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога раней быў абмежаваны.

"Упэўнена, што закон будзе дадатковым заканадаўчым бар`ерам для распаўсюджвання фэйкавай інфармацыі і будзе ўмацоўваць бяспеку дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, - заявіла дэпутат. - У законе аб масавых мерапрыемствах таксама ёсць пэўныя палажэнні, што датычацца дзейнасці прадстаўнікоў СМІ. Стрымы, якія мы назіралі з несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, - па-за законам. Таму ў законе дакладна рэгламентуецца, што можна, а што нельга пры асвятленні СМІ несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў".

24 мая 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:24.05.2021
Тематика:Культура, Законодательство
Просмотров:417
 
Ключевые слова:
СМИ Фейки Аккредитация Интернет Соцсети Права человека Национальная безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме