https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь і Расія плануюць прадоўжыць гарманізацыю заканадаўства ў сферы бяспекі дарожнага руху


Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС.
"Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 23 верасня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі галоўнага ўпраўлення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху Міністэрства ўнутраных спраў Расіі. На думку міністра, ва ўмовах сучаснага свету бяспека на дарогах з`яўляецца адным з асноўных складнікаў сістэмы грамадскай бяспекі ў цэлым, і пытанні яе забеспячэння сёння патрабуюць не толькі нацыянальнага, але і міждзяржаўнага вырашэння. У такіх абставінах як ніколі важна прадаўжаць гарманізаваць заканадаўства Беларусі і Расіі, максімальна збліжаючы пазіцыі дзяржаў па гэтым аспекце", - растлумачылі ў міністэрстве.

У МУС падкрэслілі, што беларуская ДАІ і расійская ДІБДР заўсёды плённа супрацоўнічалі.

"Менавіта з Расійскай Федэрацыяй мы найбольш актыўна ўзаемадзейнічаем у рамках Канвенцыі аб узаемным прызнанні і выкананні рашэнняў па справах аб адміністрацыйных парушэннях правіл дарожнага руху. Акрамя таго, нашымі тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі наладжана ўзаемадзеянне ў прыгранічных раёнах па многіх напрамках: ад правядзення сумесных комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў да масіраваных адпрацовак аўтадарог; ад пастаяннага абмену вопытам работы па розных напрамках службова-аператыўнай дзейнасці падраздзяленняў ДАІ іДІБДР да ўзаемнага ўдзелу ў семінарах, канферэнцыях, аглядах-конкурсах прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў ДПС, спаборніцтвах атрадаў ЮІР", - працытавалі ва ўпраўленні Ігара Шуневіча.

Дэлегацыю расійскіх праваахоўнікаў, якія прыбылі ў Мінск з рабочым візітам, узначаліў начальнік ГУЗБДР Віктар Нілаў.

Начальнік ГУЗБДР выказаў упэўненасць, што такія сустрэчы даюць магчымасць знайсці новыя агульныя падыходы для рэалізацыі сур`ёзных сумесных ініцыятыў і актывізаваць канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй.

Гэта асабліва важна, напрыклад, калі размова ідзе аб збліжэнні нацыянальных правіл дарожнага руху і заканадаўчых актаў, якія вызначаюць асноўныя прынцыпы забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Работа ў гэтым напрамку ўжо даўно вядзецца на міжпарламенцкім узроўні. Сведчанне таго - гатовы праект мадэльнага закона "Аб бяспецы дарожнага руху".

На заканчэнне перагавораў бакі сышліся на думцы, што паміж беларускімі і расійскімі вартавымі правапарадку не можа быць закрытых тэм для абмеркавання.

23 верасня 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:23.09.2016
Тематика:Транспорт, Союзное государство
Просмотров:976
 
Ключевые слова:
Беларусь-Россия Безопасность Дорожное движение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме