https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь і Расія паспяхова завяршылі сумеснае стратэгічнае вучэнне "Захад-2013"


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня прыняў удзел у завяршальным этапе сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2013".

Кіраўнік беларускай дзяржавы, прыбыўшы на Гожскі палігон, размешчаны 15 км на поўнач ад Гродна, прайшоў на дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкай войскаў, дзе яму было даложана аб выпрацаваным механізме і варыянтах сумесных дзеянняў узброеных сіл Беларусі і Расіі ў інтарэсах стратэгічнага стрымлівання агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы.

На дапаможным пункце кіравання 20-й арміі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі беларускага лідара азнаёмілі з агульным парадкам прымянення арміі ў складзе РГВ (С) у перыяд нарастання пагрозы агрэсіі, а таксама з задачамі, якія вырашаюцца расійскай часткай РГВ (С) ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі Узброеных Сіл Беларусі, органамі пагранічнай службы, тэрытарыяльнымі войскамі ў ходзе спецыяльнай аперацыі РГВ (С).

Затым на палігон прыбыў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Кіраўнікі дзяржаў прайшлі на назіральную вышку, дзе сачылі за розыгрышам баявых дзеянняў. На палігоне практычна адпрацоўвалася ўзаемадзеянне мотастралковых і мабільных падраздзяленняў узброеных сіл Беларусі і Расіі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Беларусі, падраздзяленняў штурмавой авіяцыйнай і баявой верталётнай баз у ходзе выканання задач па прыкрыццю дзяржаўнай граніцы, ажыццяўленне пошуку, блакіравання і знішчэння выяўленых дыверсійных разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў.

На палігоне разыгрывалася некалькі тактычных эпізодаў.

У ходзе вучэння былі выпрабаваны ваенна-тэарэтычныя распрацоўкі ў прымяненні розных сіл і сродкаў. Былі таксама задзейнічаны новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі беларускай вытворчасці, у тым ліку аўтаматызаваны дыстанцыйна кіруемы наглядальна-агнявы комплекс "АДУНОК", а таксама айчынная аўтаматызаваная сістэма кіравання тактычнага звяна "Салдат - баявая сістэма", якая павышае інфармацыйнае ўзаемадзеянне ваеннаслужачага ў складзе падраздзялення, яго мабільнасць за кошт выкарыстання сучасных матэрыялаў у элементах сістэмы абароны.

Сумеснае стратэгічнае вучэнне "Захад-2013" праходзіла на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў перыяд з 20 па 26 верасня. Гэта вучэнне абарончага характару, якое пацвярджае курс Беларусі на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць да саюзніцкіх абавязацельстваў з Расіяй. Вучэнне праходзіла ў два этапы. Прыярытэтнымі напрамкамі пры вызначэнні задумы гэтага вучэння з`яўляліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў. Быў выкарыстаны адзін з магчымых варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, пры гэтым бакі, якія проціборствавалі, умоўна размяшчаліся ў межах рэальных граніц Беларусі і трох прылеглых абласцей Расіі.

Практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў ажыццяўляліся на 6 палігонах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, і ў Калінінградскай вобласці Расіі. У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў былі пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх воінскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад РГВ (С), пры ахове і абароне ваенных аб`ектаў, ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама наступстваў аварый тэхнагеннага характару.

Асаблівасцю вучэння з`явіўся ўдзел у ім не толькі ваеннаслужачых узброеных сіл Беларусі і Расіі, але і Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў рамках вучэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2013".

Агульная колькасць асабовага складу, які прымаў удзел у вучэнні на тэрыторыі Беларусі, склала каля 12,9 тыс. ваеннаслужачых (ад Беларусі - крыху больш як 10 тыс., ад Расіі - амаль 2,5 тыс., ад іншых краін - удзельніц АДКБ - каля 300 чалавек). Задзейнічана амаль 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, больш як 50 самалётаў і верталётаў. На расійскай тэрыторыі ў вучэнні ад Узброеных Сіл Беларусі былі задзейнічаны амаль 200 ваеннаслужачых 103-й асобнай мабільнай брыгады.

На палігоне прысутнічалі таксама замежныя наглядальнікі, ваенныя аташэ, якія высока ацанілі вучэнні.

Пасля заканчэння дзеянняў на Гожскім палігоне прэзідэнты накіраваліся ў Калінінград, дзе на ваенным палігоне Хмялёўка таксама праходзіў завяршальны этап вучэння "Захад-2013".

Кіраўнікам дзяржаў быў прадэманстраваны розыгрыш эпізода сумеснай спецыяльнай аперацыі, якая праводзілася сіламі Балтыйскага флоту, 1-га камандавання ВПС і ППА Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й асобнай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Ваеннаслужачыя дзвюх краін выконвалі задачы па ліквідацыі незаконных узброеных фарміраванняў, якія па сцэнарыю вучэння захапілі ўчастак узбярэжжа з невялікімі населенымі пунктамі.

Спецыяльна для правядзення вучэння на палігонах у Калінінградскай вобласці было пабудавана некалькі населеных пунктаў. Для стварэння абстаноўкі сучаснага гарадскога бою былі ўзведзены макеты жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў, на вуліцах населеных пунктаў выстаўлены макеты аўтатранспарту і бранятэхнікі.

Дзейнічаючы сумесна з расійскімі падраздзяленнямі, беларускія байцы сіл спецыяльных аперацый дэсантаваліся на ўзбярэжжы з карабля на паветранай падушцы "Мардовія" і ўступілі ў бой з умоўнымі тэрарыстамі, якія былі знішчаны.

На вучэнні ўпершыню было адпрацавана міжвідавое ўзаемадзеянне рэгіянальнай групоўкі войскаў узброеных сіл Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь з прыцягненнем сіл ВМФ Расіі.

Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў, гэта вучэнне праводзіцца для ўдасканалення сістэмы кіравання, спосабаў прымянення ўзброеных сіл. Ён падкрэсліў, што вучэнні і ўвогуле ўзброеныя сілы прызначаны не для таго, каб весці вайну, а ў мэтах яе недапушчэння.

"Мы нічога не скрываем. Тэматыка вучэння выключна абарончая і датычыцца бяспекі і стабільнасці нашай краіны, - сказаў Леанід Мальцаў. - Не трэба ў вучэнні шукаць падтэксты. Наша палітыка накіравана на тое, каб жыць з суседзямі ў міры. Мы хочам, каб на нашай тэрыторыі была стабільнасць".

26 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:26.09.2013
Тематика:Новости, Союзное государство
Просмотров:1279
 
Ключевые слова:
Оборона Военные учения Запад-2013
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме