https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мінск і Казань сталі гарадамі-пабрацімамі


Пагадненне аб усталяванні пабрацімскіх адносін і супрацоўніцтве падпісана 5-га снежня ў Мінскай гарадской ратушы падчас візіту ў Беларусь дэлегацыі са сталіцы Татарстана.
Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і мэр Казані Ільсур Метшын.

Як адзначыў Уладзімір Кухараў, пагадненне дасць імпульс развіццю ўзаемаадносін ва ўсіх сферах. "У нас няма закрытых тэм, - заявіў старшыня Мінгарвыканкама. - Бачым добрыя перспектывы для супрацоўніцтва. Сумесна можам адпрацаваць новыя напрамкі. Наша галоўная задача - работа з моладдзю, каб яны маглі ўзаемадзейнічаць адзін з адным".

Ільсур Метшын у сваю чаргу падкрэсліў, што рады наведаць беларускую сталіцу - горад з багатай гісторыяй. Візіт планаваўся даўно, але ў сувязі з правядзеннем у Казані важных міжнародных мерапрыемстваў адкладаўся. "Хачу павіншаваць Мінск з тымі вынікамі, якіх дасягнулі. Мінск - адзін з прыкладаў сучаснай урбаністыкі, паспяховага вядзення гарадской гаспадаркі. Гэты вопыт заслугоўвае не толькі павагі, але і вывучэння", - сказаў мэр Казані.

Дэлегацыя са сталіцы Татарстана прыбыла ў Мінск 4 снежня. Бакі абмеркавалі пашырэнне гандлёвых сувязей і стварэнне сумесных вытворчасцей, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. У час візіту госці наведалі ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ", Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС і інш.

Як адзначыў Ільсур Метшын, узаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай сферы развіваецца, у тым ліку ў пастаўках камунальнай пасажырскай тэхнікі. "Але мы павінны ісці далей. Важна супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы, каб нашы таленавітыя дзеці, алімпіяднікі, спартсмены, прадстаўнікі культуры, студэнты - наша будучыня - былі разам", - звярнуў увагу ён.

Таксама Казані цікава практыка падтрымкі прадстаўнікоў бізнесу. "У вас цудоўныя, працавітыя людзі. Давайце дружыць гарадамі, пераймаць адзін у аднаго самае лепшае!" - дадаў мэр сталіцы Татарстана.

Уладзімір Кухараў падзякаваў за высокую ацэнку гарадскіх службаў і, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў Ільсура Метшына з выбраннем на пасаду старшыні Асацыяцыі гарадоў і муніцыпалітэтаў БРІКС+. "Гатовы вывучыць і ваш досвед работы па многіх напрамках", - сказаў старшыня Мінгарвыканкама.

На сустрэчы абмеркавалі арганізацыю Дзён Казані ў Мінску і Дзён Мінска ў Казані, абмен дэлегацыямі.

 Казань стала 37-м горадам-пабрацімам Мінска.

5 снежня 2024, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:05.12.2024
Тематика:Новости, Союзное государство
Просмотров:58
 
Ключевые слова:
Казань Город-побратим Сотрудничество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме