https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Брэсцкай крэпасці скончылася рэстаўрацыя Пятага форта


Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк нагадаў, што за тры гады работы па праграме капітальна адрамантаваны дзевяць аб`ектаў, адкрыты тры музейныя экспазіцыі.
Падчас урачыстага адкрыцця музейнай экспазіцыі ў Пятым форце Брэсцкай крэпасці неаднойчы з удзячнасцю згадвалі спецыяльны праект Саюзнай дзяржавы, дзякуючы рэалізацыі якога і з`явіўся яшчэ адзін унікальны музей. 

Вялікая работа

Мемарыяльны комплекс складаецца з мноства збудаванняў. Узрост большасці з іх перавышае сто гадоў. Вядома, пастаянна трэба ўкладваць сродкі і прыкладаць намаганні для падтрымання іх у належным стане. У межах праграмы праведзена вялікая работа. Асобныя ўчасткі патрабавалі тэрміновай кансервацыі — і гэта было зроблена. Таксама заменена 12 тысяч квадратных метраў даху паўднёвай і паўднёва-заходняй казарм. Абноўлена дэкаратыўна-мастацкая падсветка, капітальна адрамантаваны мост праз раку Мухавец.

У 2019 годзе была адкрытая новая гістарычная экспазіцыя пад назвай «Летапіс Брэсцкай крэпасці». Яна створана ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі мемарыяла і раскрывае факты, падзеі, апавядае пра лёсы людзей, звязаныя са 180-гадовай гісторыяй крэпасці. Аснова экспазіцыі — трохмерныя панарамы з шырокафарматнымі пейзажамі, кругавы агляд, аўтэнтычныя аконныя праёмы, байніцы, гістарычныя фігуры ў натуральную велічыню, сцэны з жыцця крэпасці, прадметы побыту. Экспазіцыя складаецца з сямі залаў. Аналагаў ёй няма ў Беларусі.

Летась у канцы чэрвеня была адкрытая экспазіцыя, прысвечаная абароне Усходняга форта. Гэта асаблівая старонка ў гісторыі абароны крэпасці. Рубеж стаў апошняй апорай яе абаронцаў. Пасля нападзення на крэпасць тут знайшло ўкрыццё каля 400 чалавек. Іх размеркаваў у тры роты і ўзначаліў легендарны маёр Гаўрылаў. Шматлікія матэрыялы экспазіцыі расказваюць, як развіваліся падзеі далей... Маршрут экскурсіі праходзіць не толькі ўнутры форта па музейных пакоях, але і звонку. Значная частка музея прысвечана лёсу абаронцаў форта. За паўгода, нягледзячы на пандэмію, там пабывала каля шасці тысяч чалавек.

Словам, каманда архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў, будаўнікоў правяла вялікую работу ў крэпасці. А нядаўна расчыніў дзверы для наведвальнікаў яшчэ адзін музей — «Пяты форт Брэсцкай крэпасці».

Таўшчына сцен — тры метры

«Варта сказаць, што форт № 5 Брэст-Літоўскай крэпасці захаваўся найлепш з усіх такіх аб`ектаў. Ён знаходзіцца прыкладна за тры з паловай кіламетры ад цэнтра мемарыяльнага комплексу на адной з ускраін горада. Гэта першы фартыфікацыйны аб`ект у Берарусі, які быў музеефікаваны», — адзначыў загадчык філіяла мемарыяла Аляксандр Каркатадзэ.

Рэстаўрацыю аб`екта зрабілі максімальна рэалістычнай. Аднавілі не толькі магутныя гарматы, але, напрыклад, і драўляныя лаўкі, на якіх адпачывалі салдаты. Пяты форт узвялі ў 1880 годзе. Для свайго часу ён быў непрыступным бастыёнам. Вакол па перыметры ўмацавання пракапаныя раўкі, запоўненыя вадой. Будаўнікі, дарэчы, у асобных месцах узводзілі платы, каб дабірацца да сцен падчас рэстаўрацыі. Брэст-Літоўская адносілася да крэпасцяў першага класа магутнасці. Адпаведна класу таўшчыня сцен і падземных калідораў складае тры метры. Такую «браню» нават сучасная артылерыя прабіць не здольная.

Наверсе, у казармах, салдаты жылі і праходзілі навучанне. У выпадку нападзення ворага ў іх была магчымасць спусціцца ўніз і перачакаць абстрэл. Цяпер тут з`явіліся лаўкі, дакладныя копіі такіх з ХІХ стагоддзя. Іншыя прадметы інтэр`ера таксама вельмі дакладныя.

Асаблівую прыцягальнасць новай экспазіцыі надаюць падземныя хады. Сюды не трапляе дзённае святло, а столь нагадвае пячору. У суправаджэнні экскурсавода можна паблукаць па гэтых загадкавых лабірынтах. Музей уладкаваны ў так званай гаржавой казарме. У ходзе рэстаўрацыі ачышчаны сцены і фасады, пракладзены інжынерныя сеткі, заменены вокны і дзверы. Экспазіцыя размясцілася ў шасці казематах і складаецца такім чынам з шасці залаў. Першая зала расказвае аб гісторыі фартыфікацыі на беларускіх землях. Тут можна даведацца, напрыклад, пра старажытныя Берасцейскі і Ляхавіцкі замкі, іншыя падобныя збудаванні. Другая — прысвечаная Брэсцкай крэпасці ў фартыфікацыйнай сістэме на заходніх граніцах Расійскай імперыі. Тут змешчана шмат цікавай інфармацыі не толькі пра крэпасць, але і пра гісторыю Брэста, яго перасяленне на новае месца ў сувязі з будаўніцтвам крэпасці. У трэцяй зале расказваецца аб мадэрнізацыі цытадэлі над Бугам у пачатку ХХ стагоддзя і будаўніцтве двух фартовых паясоў. Таксама адноўлены інтэр`еры жылога каземата для ніжніх чыноў, цэйхгаўза, канцылярыі, умывальні. Частка экспазіцыі размешчана ў капаніры, парахавым склепе. У цэлым з дапамогай карцін, мэблі, іншых экспанатаў аўтарам удалося аднавіць атмасферу часу, у холах форта адчуваеш сябе, нібы апынуўся ў ХІХ стагоддзі.

Дастойны працяг летапісу

Аб подзвігу абаронцаў крэпасці, якія стаялі тут насмерць у 1941-м годзе, нагадвае асобная інсталяцыя. У гэтых казармах разгарнуліся жорсткія баі падчас абароны. На ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць цені абаронцаў. Іх стварылі пры дапамозе асаблівай тэхналогіі — са святла, шкла і малюнка.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук адзначыў падчас адкрыцця, што горад атрымаў новы ўнікальны музей, які стане пунктам прыцягнення турыстаў. Паводле яго слоў, гарвыканкам бярэ на сябе абавязацельствы па комплексным добраўпарадкаванні тэрыторыі. Неўзабаве да форта будзе працягнуты маршрут грамадскага транспарту, бо цяпер дабрацца сюды даволі праблематычна.

Спецыялісты ж прагназуюць вялікую цікавасць турыстаў да новага аб`екта. Міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў своечасовасць і актуальнасць укладання сродкаў з саюзнага бюджэту ў рэстаўрацыю аб`ектаў крэпасці: «Пяты форт дастойна працягне летапіс шматграннай і велічнай гісторыі Брэсцкай крэпасці, стане яшчэ адным сімвалам памяці і шанавання подзвігу савецкага салдата, які прайшоў дарогамі вайны і здабыў Вялікую Перамогу».

Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 26 студзеня 2021
 
Дата публикации:26.01.2021
Тематика:Культура, Союзное государство
Просмотров:323
 
Ключевые слова:
Реставрация Брестская крепость Пятый форт Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме