https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


13-га лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава


Выдатны дзеяч савецкай эпохі, які шмат чаго зрабіў для роднай Беларусі, з`явіўся на свет у вёсцы Шыркі Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяперашняя Віцебшчына).
Сын селяніна-бедняка, ён з дзяцінства ведаў цану хлеба. Невыпадкова, узначаліўшы ў сакавіку 1965 года Камуністычную партыю Беларусі, з першых дзён прыслухоўваўся да інтарэсаў народа.

Біяграфія Машэрава пачыналася на цяжкіх дарогах вайны і пасляваеннага мірнага будаўніцтва. Колішні партызан, Герой Савецкага Саюза рэгулярна бываў у працоўных калектывах. І не толькі каб лепш ведаць іх справы і клопаты: ён своечасова дапамагаў мудрай парадай, не шкадаваў цёплых слоў падзякі за бескарыслівую добрую працу.

З імем Пятра Машэрава звязаны вялікія дасягненні беларускага народа. Падчас яго кіраўніцтва адбыўся ўздым эканомікі, навукі і культуры, актыўна развіваліся сельская гаспадарка і прамысловасць. Былі пабудаваны такія горадаўтваральныя прадпрыемствы, як Гродзенскі хімічны камбінат «Азот», Гомельскі хімічны завод, Бярозаўская ДРЭС. Пры Машэраве ў Мінску пачалося будаўніцтва метрапалітэна, а Беларусь стала адным з лідараў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1978 годзе Пятру Міронавічу прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Як чалавек, які прайшоў вайну, Пётр Машэраў па-асабліваму ставіўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай, дбаў аб увекавечванні подзвігу і трагедыі сваіх землякоў. Менавіта дзякуючы яго намаганням у 1974 годзе Мінску было прысвоена званне «Горад-герой». Пры Машэраве адкрыты Курган Славы, створаны такія ключавыя гісторыка-культурныя аб`екты Беларусі, як мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Прарыў».

Красамоўная дэталь: калі «Звязда» адзначала сваё 50-годдзе, на ўрачыстым сходзе, які адбыўся ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, прысутнічаў і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. Тады, у жніўні 1967 года, Пётр Машэраў прымацаваў да сцяга нашай газеты ўручаную ёй высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Даведацца больш пра гэтага легендарнага чалавека, які так шмат зрабіў для беларускага народа, прапануе часовая экспазіцыя «Пётр Машэраў: яго сэрца білася для людзей», якая 13-га лютага адкрыецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Шматлікія дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы Машэрава расказваюць аб ім не толькі як аб кіраўніку рэспублікі. Міжволі пераносішся ў студэнцкія гады чалавека-легенды, у сельскую школу, дзе ён некаторы час выкладаў матэматыку і фізіку, у партызанскі атрад імя Шчорса, якім той камандаваў...

Дзякуючы арыгінальным экспанатам становішся сведкам святкавання апошняга прыжыццёвага юбілею Пятра Міронавіча. З 60-годдзем яго віншуюць Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Максім Танк, Мікалай Яроменка... Уяўляеш, як славуты беларускі мастак Міхаіл Савіцкі дорыць кіраўніку краіны яго партрэт, які, дарэчы, шырокай аўдыторыі будзе прадстаўлены ўпершыню, а працоўныя Аршанскага льнокамбіната шчыруюць над кашуляй-вышыванкай, каб парадаваць у юбілей.

Будучы буйным партыйным і дзяржаўным дзеячам, Машэраў заўсёды заставаўся простым і адкрытым для людзей, якіх ён бязмежна любіў. А яны любілі яго: калі перастала біцца сэрца палымянага патрыёта, Пятра Міронавіча без перабольшвання аплаквала ўся краіна...

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 13 лютага 2018
 
Дата публикации:13.02.2018
Тематика:Культура, Союзное государство
Просмотров:889
 
Ключевые слова:
Пётр Машеров Сянно Магілёўшчына Шыркі
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме