— Мы ўважлівыя да ўсіх дат, якія звязаны з жыццём і творчасцю народнага песняра Беларусі, — расказвае кіраўнік музея культуролаг, купалазнаўца Рыма Абызава. — А сёлета, як вядома, спаўняецца 100 год з надання класіку беларускай літаратуры звання народнага паэта Беларусі.
— Вечар, прысвечаны двум легендарным асобам — Янку Купалу і Габдуле Тукаю, чыя творчасць на працягу значнага адрэзку часу з’яўляецца светачам татарскай нацыянальнай літаратуры, — гэта і праява нашага суладдзя, нашай дружбы, якую замацавала і Вялікая Айчынная вайна. У 1941 годзе менавіта Казань, менавіта Пячышчы, наш Татарстан далі прытулак эвакуяваным з Беларусі паэту і яго жонцы — Уладзіславе Францаўне Луцэвіч. Тут, у прадмесці старажытнай Казані, пісаў Купала свае ваенныя вершы і публіцыстычныя артыкулы, скіраваныя супраць фашысцкага супастата. Габдула Тукай і Янка Купала амаль адначасова пачыналі свой шлях у вялікую літаратуру, кожны станавіўся волевыказнікам свайго народа, яго памкненняў.
У час культурна-асветніцкай гадзіны «Тукай і Купала — народныя паэты» ў Пячышчах гучалі вершы класікаў на рускай, беларускай і татарскай мовах. Рыма Абызава часта наведвае Беларусь, удзельнічае ў розных супольных праектах з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Мінску, у юбілейных урачыстасцях, звязаных з ушанаваннем памяці народнага песняра Беларусі. Пячышчынскі музей сябруе і з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа ў Мінску. Такое сяброўства — добры прыклад літаратурнай, культурнай дыпламатыі паміж Татарстанам і Беларуссю.
Сяргей Шычко
Звязда, 1 траўня 2025
Звязда, 1 траўня 2025