https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Калужская вобласць у бліжэйшыя гады могуць павялічыць тавараабарот да $3 млрд


Такое меркаванне выказаў 4 красавіка на сустрэчы ў беларускім урадзе губернатар расійскага рэгіёна Анатоль Артамонаў.
Беларусь і Калужская вобласць Расіі ў бліжэйшыя гады здольныя ў разы павялічыць ўзровень ўзаемнага тавараабароту.

Як адзначыў прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, у адносінах бакоў назіраецца дадатная дынаміка. У першую чаргу, размова ідзе аб тавараабароце: апошнія тры гады ён павялічваўся ў сярэднім на $150 млн у год, склаўшы ў 2013 годзе $565,8 млн (амаль на 40 працэнтаў больш за ўзровень 2012 года).

Дасягненню такіх паказчыкаў, паводле слоў прэм`ера, садзейнічае развіццё эканомікі Калужскай вобласці і беларускай эканомікі. Ён адзначыў, што Беларусь удзяляе вялікую ўвагу развіццю прамысловай кааперацыі і вытворчасці. "Калі ў структуры эканомікі прамысловасць займае менш за 20 працэнтаў, эканоміка лічыцца няўстойлівай", - заўважыў кіраўнік урада. Што датычыцца Беларусі, то ў рэспубліцы гэты паказчык у залежнасці ад года складае 27-31 працэнт.

Вяртаючыся да пытанняў развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што яно не зводзіцца толькі да таварных адносін: бакі рэалізуюць шэраг інвестыцыйных праектаў, у прыватнасці ў галіне будаўніцтва. У сувязі з гэтым прэм`ер-міністр прапанаваў расійскім партнёрам яшчэ адзін праект, які прадугледжвае будаўніцтва ў рэгіёне беларускага квартала.

Як адзначыў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Чорны, адпаведная дамоўленасць з Калужскай вобласцю практычна ўжо дасягнута.

Сёння было адзначана, што Калужская вобласць мае пэўную цікавасць да пасажырскай тэхнікі ААТ "МАЗ", гарадскога электрычнага транспарту. Ёсць зацікаўленасць і ў супрацоўніцтве па вытворчасці аўтакампанентаў.

Нягледзячы на рост узаемнага гандлю, які адзначыў і Анатоль Артамонаў, узровень тавараабароту ўсё ж не зусім задавольвае расійскі бок. "Мы хацелі б, каб на працягу некалькіх гадоў аб`ём нашага супрацоўніцтва павялічыўся ў некалькі разоў, - сказаў губернатар. - Я думаю, мы цалкам маглі б з Беларуссю мець аб`ём тавараабароту на ўзроўні прыкладна $3 млрд". На думку Анатоля Артамонава, дасягнуць такога ўзроўню бакі змогуць на працягу трох-пяці гадоў.

У цэлым Калужская вобласць, паводле слоў губернатара, магла б стаць для Беларусі своеасаблівай стартавай пляцоўкай для ўпэўненага выхаду на расійскія рынкі.

Тавараабарот Беларусі і Калужскай вобласці ў 2013 годзе склаў $565,8 млн, павялічыўшыся амаль на 40 працэнтаў, у тым ліку экспарт - $184,2 млн (рост практычна на 75 працэнтаў), імпарт - $381,6 млн (рост на 22,7 працэнта). У студзені 2014 года тавараабарот паміж бакамі склаў $43,7 млн. Аснову беларускага экспарту ў Калужскую вобласць складаюць нафтапрадукты, грузавыя аўтамабілі, згушчаныя і сухія малако і вяршкі, вырабы з цэменту, бетону або штучнага каменю, мэбля. З расійскага рэгіёна Беларусь імпартуе тэлевізары, маніторы і праектары, апаратуру сувязі і часткі да яе.

4 красавіка 2014, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:04.04.2014
Тематика:Товары из Беларуси, Союзное государство
Просмотров:1459
 
Ключевые слова:
Калуга Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме