Задума беларуска-расійскіх сумесных стратэгічных вучэнняў "Захад-2017", якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі 14—20 верасня, улічвае "сучасныя падыходы да прымянення войскаў на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў", паведаміў 29 жніўня на брыфінгу ў Мінску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў.
Тэма вучэнняў: "Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".
Паводле слоў Белаконева, зыходзячы з падзей, што адбываюцца ў краінах Блізкага Усходу і Еўропе, у аснову задумы пакладзены адзін з падобных варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаных з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фармаванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку.
Пры гэтым бакі супрацьборства ўмоўна размешчаныя ў рэальных межах Беларусі. Паводле задумы вучэнняў, з аднаго боку дзейнічаюць "паўночныя", якія ўключаюць Саюзную дзяржаву, з другога — "заходнія": кааліцыя зацікаўленых дзяржаў (выдуманыя краіны Вейшнорыя, Весбарыя, Лубенія). Умоўная дзяржава Вейшнорыя размешчаная ў паўночна-заходняй частцы рэальнай тэрыторыі Беларусі.
Варта адзначыць, што на карце, якая дэманстравалася на слайдзе за спіной Белаконева падчас яго выступлення, Весбарыя і Лубенія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і Прыбалтыкі.
"Галоўнай прычынай абвастрэння становішча з`яўляецца імкненне "заходніх" дэстабілізаваць становішча на тэрыторыі рэспублікі і дамагчыся пагаршэння адносін паміж суб`ектамі Саюзнай дзяржавы, — працягнуў Белаконеў. — Паводле падобнаму сцэнарыю пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты апошняга часу. У сваю чаргу Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне, а Расія, у адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай, аказвае ёй палітычную падтрымку, фінансавую, ваенна-тэхнічную і ваенную дапамогу".
Начальнік Генштаба назваў асноўныя мэты вучэнняў.
Па-першае, гэта ўдасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй, што, паводле слоў генерала, "з`яўляецца зараз ключавым".
"Скажыце, хіба ў вучэнняў блока НАТА, якія праводзяцца ў Еўропе — краінах Балтыі, Польшчы, Украіне, іншыя мэты?" — звярнуўся Белаконеў да прысутных у зале прадстаўнікоў замежнага ваенна-дыпламатычнага корпуса.
Другая мэта вучэнняў — апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Расіі і Беларусі.
"Ва ўзброеных сілах блока НАТА не распрацоўваюцца новыя дакументы? — зноў запытаў Белаконеў. — Хіба яны не апрабуюцца падчас вучэнняў, каб не зрабіць памылку? А потым ужо прымаюцца, укараняюцца ў практыку дзеяння войскаў".
Трэцяя мэта — атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі становішча і кіраванні войскамі падчас іх правядзення.
"Толькі падчас вучэнняў камандуючы і камандзір любога рангу атрымлівае рэальную практыку ў кіраванні падначаленым падраздзяленнем або сіламі. І гэта выдатна разумеюць прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага блока, якія тут прысутнічаюць", — пракаментаваў начальнік Генштаба Узброеных сіл Беларусі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2017
Мінск, 29 жніўня 2017