Пытанне аб падпісанай 14 ліпеня пастанове расійскага ўрада, якая прадугледжвае забарону на дзяржзакупкі аўтамашын і тэхнікі замежнай вытворчасці, абмяркоўвалася сёння ў Мінску на сустрэчы прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з намеснікам старшыні ўрада РФ Аркадзем Дварковічам.
Беларускія прадпрыемствы змогуць пастаўляць тэхніку для дзяржаўных і муніцыпальных патрэбаў без абмежаванняў, адзначыў віцэ-прэм`ер.
Падчас гутаркі Мясніковіч падкрэсліў, што ўсе тэрміны па галоўных інтэграцыйных прамысловых праектах Беларусі і Расіі будуць вытрыманыя. "Ведаю, сёння (падчас сустрэчы з прэзідэнтам) адбылося абмеркаванне далейшых захадаў па нашых галоўных інтэграцыйных праектах. Мы ў сваю чаргу ва ўрадзе будзем рабіць усё для таго, каб захаваць тэрміны", — сказаў прэм`ер-міністр, падкрэсліўшы, што Беларусь стараецца выконваць усе свае абавязацельствы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2014